У Бішкеку адбыўся саміт АДКБ. Удзел у ім прыняў наш Прэзідэнт

28 ноября 2019
Лідары краін - удзельніц ваенна-палітычнага блока ў вузкім і пашыраным саставах  абмеркавалі самыя вострыя пытанні і перспектыўныя праекты. З улікам важнасці тэм, што абмяркоўваюцца, гэтыя перамовы былі закрытымі для прэсы. Рэпарцёрам дазволілі зняць толькі першыя пратакольныя кадры. Сярод іх таксама заява гаспадара саміту - кіраўніка Кыргызстана. А вось падрабязнасці таго, што  канкрэтна абмяркоўвалі лідары дзяржаў,  журналістам удалося даведацца дзякуючы тэзісам, якія апублікавалі прэс-службы.

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка  зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы

Кіраўнік беларускай дзяржавы, у прыватнасці,  выказаў заклапочанасць  у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным супрацьстаяннем  паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі. Аляксандр Лукашэнка згадаў  аб спыненні дзеяння Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, таму Беларусь выступіла з прапановай  прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю  адказных краін  аб неразмяшчэнні гэтай зброі ў Еўропе. 

Тым больш актуальнай бачыцца яшчэ адна беларуская ініцыятыва  аб аднаўленні поўнафарматнага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі  (так званыя "Хельсінкі-2"). 

"З улікам горкіх урокаў гісторыі Беларусі  мы таксама заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі  па аналогіі з Хельсінкскім працэсам, накіраваць яго на пераадоленне наяўных супярэчнасцяў  ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўраатлантыцы і Еўразіі" - адзначыў у сваім выступленні беларускі лідар.

Была ўзнята і тэма  колькасці групоўкі НАТА  на заходніх межах АДКБ і ў непасрэднай блізкасці ад межаў Беларусі.

Хаця такая колькасць войскаў і не ўяўляе прамой ваеннай пагрозы, аднак такая мілітарызацыя  вымушае выпрацоўваць адэкватныя меры ў адказ дыпламатычнага, інфармацыйнага і ваеннага характару. У цэлым падкрэслена неабходнасць пазбегнуць новай гонкі ўзбраенняў. Па словах Кіраўніка дзяржавы,  рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты застаюцца адной з асноўных крыніц палітычных, ваенных і тэрарыстычных пагроз, а таксама нелегальнай міграцыі і незаконнага транзіту зброі. Прыклад таму - Украіна, на ўсходзе якой ужо пяты год  працягваецца ўзброенае супрацьстаянне, гінуць людзі, сярод якіх і мірныя жыхары.
Беларусь вітае  прагрэс, што намеціўся ў пытаннях выканання мінскіх пагадненняў,  і пачатак канструктыўнага дыялогу ў рамках трохбаковай кантактнай групы. Размова атрымалася вельмі грунтоўнай, якая ў прамым сэнсе закранае  жыццёва важныя пытанні.
Па выніках саміту журналісты пацікавіліся меркаваннем Кіраўніка беларускай дзяржавы наконт далейшай ролі АДКБ.
 

Станіслаў Зась - новы Генеральны сакратар АДКБ


Сёння на саміце зацвердзілі і новага Генсакратара АДКБ. На гэтую пасаду прызначаны Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі  Станіслаў Зась. Выконваць свае абавязкі ён пачне 1 студзеня. 

Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Кыргызстана


Саміты - гэта яшчэ і пляцоўка для двухбаковых сустрэч, магчымасць ацаніць стан і перспектывы адносін паміж краінамі. Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы са сваім калегам - кіраўніком Кыргызстана  Сааранбаем Жээнбекавым. Наша краіна пацвярджае гатоўнасць развіваць супрацоўніцтва. У гэтым плане ёсць куды імкнуцца  і ў частцы павелічэння ўзаемнага гандлю,  і рэалізацыі намечаных праектаў. У самы найбліжэйшы час  Беларусь і Кыргызстан  абмяркуюць пункты росту свайго партнёрства. Чарговае пасяджэнне двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве плануецца правесці ў Мінску.