У Беларусі ўрачыста адкрылася пасольства Туркменістана

13 мая 2016

Пасольства Туркменістана ў Беларусі стане цэнтрам прыцягнення ў супрацоўніцтве дзвюх краін. Пра гэта напярэдадні заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі адкрыцця пасольскага комплексу. У ёй прынялі ўдзел кіраўнікі дзяржаў. Гэта стала заключнай падзеяй двухдзённага афіцыйнага візіту Гурбангулы Бердымухамедава ў нашу краіну. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі туркменскай дэлегацыі, дыпламаты, члены беларускага ўрада і студэнты. Узвядзенне новага будынка пасольства Туркменістана ў Беларусі - важны крок ва ўмацаванні двухбаковых адносін. Краіны злучаюць сумесныя праекты. У тым ліку і такія маштабныя, як будаўніцтва горна-ўзбагачальнага камбіната.

Для лідараў дзвюх краін правялі міні-экскурсію. Прэзідэнты агледзелі дыпмісію, азнаёміліся з працай консульскага аддзела. У будынку размешчаныя канферэнц-зала для бізнес-сустрэч і музейная экспазіцыя, прысвечаная туркменскай гісторыі і культуры. На завяршэнне кіраўнікі дзяржаў пакінулі запіс у кнізе ганаровых гасцей.