У Беларусі распрацавалі Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі

12 марта 2019

Інфармацыйная бяспека - зараз гэта не проста абарона ад фэйкаў або недакладных навін. Сфера ўсяго за некалькі гадоў стала ключавой цалкам для кожнай дзяржавы і для кожнага чалавека. Прыкладаў таго, як можа спрацаваць банальны пост у сацыяльных сетках і ўжо тым больш артыкул у інтэрнэт-выданні, - вялізнае мноства. Як і фактаў наступнага выкрыцця. Як засцерагчы сябе і стварыць справядлівае, надзейнае і, галоўнае, сумленнае інфармацыйнае грамадства? Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў Беларусі распрацавалі Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі. Сёння ў Палацы Незалежнасці прайшло абмеркаванне гэтага ўнікальнага дакумента, які кіраўнік Савета бяспекі назваў няйначай, як беларускім нацыянальным прадуктам. Бо ў стварэнні прыняло ўдзел мноства арганізацый: ад Адміністрацыі Прэзідэнта і Акадэміі навук да Парка высокіх тэхналогій і найбуйнейшых СМІ. І дзяржаўная цікавасць тут заключаецца ў самым простым: людзі павінны атрымліваць максімальна поўную і дакладную інфармацыю, мець магчымасць абараніць свае асабістыя правы ў медыяпрасторы і ў цэлым павінны камфортна карыстацца найноўшымі сродкамі камунікацый. Галоўны пасыл Аляксандра Лукашэнкі - працаваць на апярэджанне ва ўсіх кірунках. Толькі тады ў інфармацыйнай прасторы краіны будзе ўтульна і бяспечна ўсім, а не асобным паляўнічым на выгаду. Андрэй Крывашэеў - пра інфармацыйныя выклікі часу. 

10 гадоў прайшло з моманту, калі ў Беларусі распрацавалі папярэдні канцэпт нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі. Здавалася б, чаго вартая адна дэкада ў маштабах гісторыі - імгненне. Але, як сцвярджаюць спецыялісты, маніпуляцыі  чалавечай свядомасцю праз гаджэты, інфармацыйныя струмені, сеткі і сістэмы выраслі за 10 гадоў у дзясяткі разоў. Дадайце сюды кіберзброю, якая ўжо не ў падручніках, а на практыцы ўзломвае, паражае і захоплівае жыццёва важныя аб'екты краіны - ад электрастанцый да СПА, і зразумееце, што абнаўленне нашай канцэпцыі нават некалькі адстае ад інфармацыйнага прагрэсу. 

Хоць ёсць і канстанты. Дзве з паловай тысячы гадоў таму вялікі Сунь Цзы ў трактаце "Майстэрства вайны" прадрок: "Уся вайна заснаваная на хлусні. Пераможны стратэг пакарае варожае войска не ваюючы". Скажыце, ну што тут не актуальна сёння? 

Свежыя прыклады інфармацыйнай агрэсіі сёння - у кожным кутку свету. Але самыя цытуемыя - з Венесуэлы. Напрыклад, у канцы мінулага месяца свет абляцелі кадры: прыхільнікі Мадуры і паліцыя нібы спальваюць гуманітарную дапамогу на мяжы з Калумбіяй. Амерыканскія афіцыйныя асобы і аўтарытэтныя СМІ паспяшаліся абвінаваціць уладу Венесуэлы ў крыважэрнасці і негуманнасці. Маўляў, тыран, дыктатар і гэтак далей. Але вось няўдача. 10 сакавіка аўтарытэтная амерыканская "Нью-Ёрк Таймс" па кадрах разбірае ўсю хроніку і робіць адназначную выснову: грузавікі з гуманітаркай спалілі самі дэманстранты. 

Афіцыйныя асобы ў ЗША неадкладна адрэагавалі на інцыдэнт, абвінаваціўшы прэзідэнта Мадуру. Аднак падрабязнае расследаванне "Таймс" дало адназначны адказ на пытанне, хто справакаваў узгаранне, і паказала, што афіцыйныя асобы ЗША вынеслі абвінавачанне бяздоказна. 

За хлусню і палітыку на яе аснове дагэтуль ніхто не папрасіў прабачэння. А расследаванне "Таймс" патанула ў хвалі новых укідаў. Цалкам верагодна, што на Каракасе сёння адпрацоўваюць усе мажлівыя інструменты кіберагрэсіі. Вайны будучыні. Ад шатдаўну - адключэння электрычнасці ў мегаполісе - да расчалавечвання ўлады і прамывання мазгоў сацыяльна актыўных гараджан. 

Не рэагаваць на падобную рэальнасць Беларусь, як і большасць суверэнных краін свету, не можа. Адгэтуль заказ Прэзідэнта на выразную нацыянальную Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі і гадавая карпатлівая праца экспертаў, большасць з якіх не вайскоўцы або высокія начальнікі, а навукоўцы, айцішнікі, журналісты і эксперты – тыя, хто ў штодзённым рэжыме працуе ў новай інфармацыйнай рэальнасці. 

Лічбавая дынаміка Беларусі - не толькі камфорт, але і патэнцыяльная пагроза. Напрыклад, праект "разумны горад" - лічбавае кіраванне святлафорамі, гарадскім транспартам, каналізацыяй, асвятленнем і гэтак далей  - карысць для гараджаніна. Скарачае аўтазаторы, эканоміць энергію, грошы і нервы. Але ўварванне ў такую лічбавую сістэму здольнае паралізаваць цэлы мегаполіс, выклікаўшы хаос і беспарадкі. А ўявіце, калі асабісты транспарт пяройдзе на беспілотнае кіраванне, тады запуск праграмы-паразіта зможа выклікаць тысячы аварый аднамаментна. Кібертэрор як ён ёсць. Адгэтуль перасцярога Кіраўніка дзяржавы: камфорт не можа апраўдаць парушэнне базавых правоў беларусаў. 

У Канцэпцыі і сёння падчас абмеркаванняў прапанаваны выразны антыдот да лічбавага апакаліпсісу. На мове эканомікі  "дзяржаўна-прыватнае партнёрства". Г.зн. дзяржава выступае заказчыкам і кантралёрам нацыянальных лічбавых сістэм у нацыянальнага IT-бізнесу. Абодва бакі інвестуюць перш у свае распрацоўкі, а значыць, і ў сваю бяспеку, і ў свой інфармацыйны суверэнітэт. Дарэчы, гэтае паняцце ўпершыню выразна прапісана ў Канцэпцыі.

"Інфармацыйны суверэнітэт - неад'емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, здзяйсняць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, гарантаваць інфармацыйную бяспеку". 

Ёсць у канцэпцыі і лічбавае адлюстраванне беларускай Ваеннай дактрыны (ці як называюць яе эксперты  дактрыны міру). У новым дакуменце зафіксаваны інфармацыйны нейтралітэт,  г. зн. чужой віртуальнай прасторы нам не трэба, але і сваёй не аддадзім.

Яшчэ адзін раздзел канцэпцыі - маніпуляцыі з масавай і персанальнай свядомасцю. Простай мовай - фэйкі, пастаўленыя на паток для выкліку ўсеагульнага псіхозу. Беларусь, на жаль, і такое ўжо праходзіла. Памятаеце  віртуальную "эпідэмію", што грэчка знікне? Тады гадавы запас за два тыдні з прылаўкаў размялі. Або чуткі аб вучэннях "Захад-2017". Тысячы ж паверылі, што яны завершацца акупацыяй краіны. Дзе зараз гэтыя чуткі і эксперты-правакатары? А людзі чыталі і верылі. Гэта не можа не турбаваць уладу. 

Сама канцэпцыя - хоць і вялікая тэарэтычная праца, але ад яе прымянення Прэзідэнт чакае перш за ўсё практычнага выніку. Напрыклад, у беларускім прачытанні дзяржаўны суверэнітэт - гэта не толькі законы, межы і адказнасць за слова. Гэта яшчэ і нацыянальны код, традыцыйны, беларускі менталітэт. 

Чаму традыцыі і асновы не менш важныя для сучаснага грамадства, чым уласнае бачанне лічбавізацыі краіны? Пытаемся ў гісторыка, дэпутата і аднаго з распрацоўшчыкаў канцэпцыі Ігара Марзалюка. На пасяджэнні Савета бяспекі ён доказна тлумачыў прамую сувязь мінулага і будучыні. 

Натуральна, аднымі нацыянальнымі скрэпамі бяспеку і спакой краіны не гарантаваць. Гэта, на жаль, дэманструе і вопыт Расіі  пасля ліберальных рэформаў, і вопыт Украіны пасля Майдана. Прэзідэнт адзначае два ключавыя фактары - дысцыпліна ўлады і здаровая эканоміка. 

Зусім свежы прыклад пільнага погляду  з "Вялікай  размовы  з Прэзідэнтам". Калі б не рэакцыя лідара, колькі б яшчэ будаваўся Музейны квартал у Мінску? А  гэта таксама элемент самабытнасці.

Яшчэ адзін пастулат - эканоміка. Не раз было сказана: тут ключ да бяспекі. Вопыт Францыі і Венесуэлы паказвае: пачатак хаосу заўсёды ляжыць у эканоміцы. І будзь у Парыжы і Каракасе спакойная ўпэўненасць у заўтрашнім дні, выйшлі б "жоўтыя камізэлькі" і прыхільнікі Гуайдо на пратэст? 

Самая бачная частка інфармацыйнай бяспекі - праца прэсы і тых, хто сёння падмяняе сабой традыцыйную журналістыку. Сеткі, каналы, блогі і ўвесь  інтэршум з плётак і здагадак. Задача - пашырыць уплыў нацыянальных медыя, тых журналістаў, якія  жывуць у краіне і жывуць праблемамі сваёй краіны. 

Усе механізмы барацьбы з фэйкамі і прапагандай тэрору, экстрэмізму і наркотыкаў у сусветнай практыцы даўно адпрацаваныя. Гэты вопыт і паклалі ў аснову беларускай канцэпцыі. Напрыклад, ні ў адной краіне свету сілавікі не справяцца з нянавісцю ў Сетцы без грамадскага кантролю. За кожным экстрэмісцкім рэсурсам не ўсочыш. Нават Штаты з іх ЦРУ, ФБР, кібервойскамі і тэхналогіяй "Прызма", пра якую расказаў Сноўдэн, не маглі справіцца з рухам "Захапі Уол-стрыт". Але варта было грамадству стаць на бок парадку, і дзе зараз бузацёры?

Канцэпцыя, вядома,  прадугледжвае  стварэнне сеткавай інфраструктуры і рэгулярнае абнаўленне прававых рамак: тых жа законаў аб СМІ і рэкламе. Але і грамадства павінна сказаць сваё важкае слова ў абарону сваёй дзяржавы.

Напрыклад, адным з першых публічных ТБ-праектаў у гэтай сферы стаў "Клуб рэдактараў" на "Беларусь 1". Тут разбіралі самыя скандальныя публікацыі, матывы і наступствы інфармацыйных "накатаў". Зрэшты, вядучы тэлеклуба Генадзь Давыдзька не перабольшвае поспехі традыцыйных журналістаў і імунітэт грамадства да агрэсіўнага ўздзеяння. 

Агульнае пасланне Прэзідэнта да СМІ, кіраўнікоў і лідараў меркаванняў - працаваць на апярэджанне. Прысутнічаць і ў грамадскіх дыскусіях, і ў Сетцы, і ў традыцыйнай прэсе. З вакууму аб'ектыўнай інфармацыі  нараджаюцца ўсе "інфармацыйныя монстры". 

Лічбавізацыю грамадства і IT Беларусь ужо не спыніць. Важна, як дзяржорганы рэагуюць на дадзенасць. Профільнае Міністэрства інфармацыі адным з першых завяло Twitter акаўнт для прамой сувязі з людзьмі і ў штодзённым рэжыме маніторыць і рэагуе на фэйк-ньюз. Зрэшты, згодна з  новай канцэпцыяй інфабяспекі,  Мінінфарм не столькі каральная  рука супраць хлуслівай інфармацыі, колькі медыятар інфармацыйнага поля. 

З улікам сённяшняга прадметнага абмеркавання канцэпцыю дашліфуюць літаральна за некалькі дзён. Праца фундаментальная і з улікам глыбіні прапрацоўкі істотных нараканняў не выклікала. Распрацоўшчыкі разлічваюць, што ўжо на наступным тыдні дакумент будзе зацверджаны і апублікаваны. А значыць уступіць у сілу як "малая Канстытуцыя" інфармацыйнай бяспекі. Зрэшты, адзінае разуменне выклікаў, пагроз, прэвентыўных і мер у адказ  на поўную сілу запрацуе толькі ў грамадстве, дзе ёсць адзінства па галоўных пытаннях: суверэнітэт, справядлівасць, дзяржаўнасць.

І тут ужо працуе не старажытнакітайская логіка "мастацтва вайны", а евангельская мудрасць міру: дом, падзелены ў сабе самім, не выстаіць.