У Беларусі правядуць праверку гатоўнасці войскаў тэрытарыяльнай абароны

17 февраля 2016

Менавіта такое даручэнне сёння агучыў Кіраўнік дзяржавы, выступаючы ў Міністэрстве абароны. Сітуацыя, якая складваецца сёння ў свеце, толькі пацвярджае неабходнасць такога рашэння. Мясцовыя ўлады павінны быць гатовыя дзейнічаць у ваенных умовах - неабходна паглыбіцца ва ўсе нюансы працы войскаў тэрытарыяльнай абароны, падкрэсліў Прэзідэнт. Дзяржава павінна быць упэўнена, што ў выпадку пагрозы сітуацыя ў раёнах будзе пад кантролем. Ад слоў сёння перайшлі да справы - пачаўся двухдзённы збор са старшынямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Якія яшчэ задачы паставіў Галоўнакамандуючы? Падрабязнасці ў рэпартажы Аляксея Адашкіна.

Зыходзячы з гэтага прынцыпу, у пачатку 2000-х у Беларусі пачала стварацца сістэма тэрытарыяльнай абароны. Свет вакол не становіцца больш спакойным. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя ў войнах, удзельнікамі якіх былі 90 дзяржаў, загінула каля 9 мільёнаў чалавек. Таму ўдасканаленне Узброеных сіл Беларусі - заўсёды ў прыярытэце дзяржавы. І з'яўленне тэрытарыяльных войскаў - адзін з этапаў развіцця нашай арміі.

Сёння Прэзідэнт наведаў збор па тэрытарыяльнай абароне. Двухдзённы трэнінг у такім фармаце з актыўным удзелам Галоўнакамандуючага і кіраўніцтва ўсяго сілавога блока рэспублікі праводзіцца ўпершыню.

Рэформа Узброеных сіл дазволіла аптымізаваць колькасць беларускай арміі. Важным звяном у абароне дзяржавы становяцца тэрытарыяльныя войскі. Менавіта яны ў выпадку пагрозы нацыянальнай бяспекі могуць істотна ўзмацніць баявы кампанент абароны.

Фармальна тэрытарыяльная абарона - гэта не рэгулярная армія. У такія войскі прызываюць не проста з запасу, а яшчэ і па геаграфічным прынцыпе. Гэта значыць абараняць даводзіцца тую тэрыторыю, на якой жывеш і якую ведаеш. Атрымліваецца добра арганізаванае апалчэнне.

Пяць гадоў таму развіццё такіх сіл атрымала заканадаўчую аснову - выйшаў адпаведны ўказ Прэзідэнта. У 2011 годзе Аляксандр Лукашэнка наведаў штаб зоны тэрытарыяльнай абароны Мінска. Тады Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне прысвоіць званні генерал-маёра кіраўнікам абласцей і мэру Мінска. Такім чынам, менавіта на мясцовыя ўлады была ўскладзена адказнасць за развіццё сіл тэрытарыяльнай абароны.

Сілы тэрытарыяльнай абароны - гэта, фактычна, другая паўнавартасная армія, якая можа быць разгорнута пры ўзнікненні пагрозы. І такія войскі павінны вырашаць важныя задачы. Сярод іх - барацьба з дыверсійнымі групамі праціўніка і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, а таксама абарона найбольш важных аб'ектаў інфраструктуры. Сёння Прэзідэнт даволі крытычна ацаніў мясцовыя ўлады, якія недастатковую ўвагу надаюць тэрытарыяльнай абароне. Эфектыўнасць сістэмы кіравання апалчэннем павінна быць павышаная.

Сённяшнія зборы як раз і накіраваны на тое, каб удасканаліць веданне прынцыпаў тэрытарыяльнай абароны кіраўнікамі ўсіх звёнаў. Прэзідэнт даручыў правесці аналагічныя трэнінгі і для астатніх прадстаўнікоў уладнай вертыкалі.

Заўтра збор па тэрытарыяльнай абароне прадоўжыцца ўжо не ў штабе, а на палігоне. Агнявая падрыхтоўка ў зімовых умовах стане адной з галоўных тэм трэнінгу. Навучэнцы возьмуць у рукі зброю і на вайсковым стрэльбішчы змогуць пацвердзіць сваю практычную гатоўнасць устаць на абарону радзімы.

Савет бяспекі пацвярджае - сістэма "ўсенароднай арміі" створана. Аднак трэба будзе яшчэ адтачыць майстэрства военачальнікаў апалчэння. У тым ліку і на полі бою, дзе порахам пахне.

У сучасных умовах так званыя гібрыдныя або мяцежвойны сталі асноўнымі тыпамі канфліктаў. Менавіта сілы тэрытарыяльнай абароны могуць выступіць эфектыўнай абаронай супраць такога роду пагроз. Для падтрымання баяздольнасці "народнай арміі" Прэзідэнт сёння даручыў у найбліжэйшы час правесці праверку гатоўнасці тэрытарыяльнай абароны.

Арсенал апалчэння - гэта яшчэ адно важнае пытанне, якое сёння абмяркоўвалі ў Міністэрстве абароны. Прэзідэнт адзначыў, што стацыянарныя пункты кіравання, штабы, а таксама ваеннае абсталяванне сіл тэрытарыяльнай абароны павінна быць на належным узроўні. Апалчэнне мае ў сваім распараджэнні ў асноўным лёгкае ўзбраенне - аўтаматы, пісталеты, гранатамёты, мінамёты і зенітна-кулямётныя ўстаноўкі.

Нарматыўна-прававая база, якая тычыцца тэрытарыяльнай абароны, таксама павінна быць удасканалена. Прэзідэнт сёння паставіў задачу, каб быў створаны адзін дакумент, што рэгламентуе ўсе аспекты функцыянавання "ўсенароднай арміі". Будзе ўдакладнены пералік аб'ектаў тэрытарыяльнай абароны, а таксама тых пунктаў, якія апалчэнне павінна абараняць пры ўзнікненні пагрозы.

Галоўнакамандуючы сёння даручыў шукаць новыя формы і спосабы сумеснага прымянення сіл арміі, унутраных і тэрытарыяльных войскаў, пагранслужбы і міліцыі. Павышаць манеўраныя магчымасці сілавых ведамстваў. Для гэтага Генштабу разам з астатнімі структурамі бяспекі трэба будзе вызначыць выразную сістэму тэрытарыяльнай абароны.

Ужо другі год запар Прэзідэнт наведвае Міністэрства абароны як раз напярэдадні 23 лютага. І сёння віншаванне ад Галоўнакамандуючага аказалася яшчэ і тэматычным.

Як вядома, арміі выйграюць бітвы, аднак у войнах заўсёды перамагае народ. Ваенная дактрына Беларусі носіць толькі абарончы характар. Аднак у выпадку чаго ў нас ёсць сродкі даць адпор любому ворагу.