У Беларусі пабудуюць Нацыянальны выставачны цэнтр

14 мая 2019

Праект сёння абмяркоўвалі ў Прэзідэнта.  Штогод у краіне праводзяцца больш за сотні выстаў. Яны ахопліваюць практычна  ўсе галіны эканомікі: прамысловасць, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, турызм.  Тым не менш  у Мінску няма ні аднаго комплексу,  які б адказваў высокім міжнародным патрабаванням  да выставачнай інфраструктуры. Будаўніцтва спецыялізаванага цэнтра стане нацыянальным праектам. 

Выставачны комплекс "БелЭкспа" ў Мінску, які знаходзіцца літаральна цераз дарогу ад Палаца Незалежнасці, асацыюецца са шматлікімі мерапрыемствамі дзяржаўнай важнасці. Гэта і "Вялікая размова з Прэзідэнтам", тут жа Кіраўнік дзяржавы ўшаноўваў лепшых аграрыяў і выпускнікоў. Адначасова гэты ж комплекс выкарыстоўваецца для правядзення розных выстаў. Але прыйшоў час вызначацца. Краіне патрэбна новая экспапляцоўка з міжнародным статусам.

Кіраўніку дзяржавы прапаноўвалі розныя варыянты будаўніцтва. Адзін з іх у вёсцы Малінаўка на скрыжаванні МКАД і Брэсцкай шашы. Але там жылая забудова. А для Прэзідэнта інтарэсы людзей - гэта прынцыповае пытанне. Таму выбралі іншы варыянт, які задаволіў і ўрад, і Кіраўніка дзяржавы - пляцоўка каля гандлёвага цэнтра "Экспабел".

Толькі летась у краіне прайшло больш за 200 выстаў, удзельнікі - 25 тысяч беларускіх прадпрыемстваў і звыш паўтары тысячы замежных кампаній. Спецыялізаваная пляцоўка дазволіць стварыць умовы для развіцця выставачнай дзейнасці і прыцягнуць у краіну новых партнёраў. 

Праект яшчэ перагледзяць. Кіраўнік дзяржавы даручыў яго дапрацаваць у бок аптымізацыі і патаннення. Тым больш што ў краіне ўжо ёсць добры вопыт такіх рацыянальных  будоўляў напярэдадні  II Еўрапейскіх гульняў.

Канцэпцыя прадугледжвае будаўніцтва трох крытых павільёнаў, кангрэс-хола з бізнес-цэнтрам і адкрытай выставачнай пляцоўкі. Агульная плошча 30 тысяч квадратных метраў. Для параўнання, раней арганізатарам розных выстаў даводзілася часова туліцца на 3, максімум 6 тысячах квадратаў.

Выставачна-кірмашовую дзейнасць за мяжой курыруе МЗС і Гандлёва-прамысловая палата, а ў рэспубліцы - Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Прапануецца вызначыць адзінага аператара для падзей такога профілю, у тым ліку кангрэсаў і дзелавых мерапрыемстваў, якія прыносяць значную прыбаўку нашаму экспарту.

Сістэма павінна працаваць у зладжаным кіраванні - гэта ключавое даручэнне Прэзідэнта. За першае паўгоддзе ўрад вызначыць адказных і ўнясе адпаведныя прапановы на разгляд Кіраўніка дзяржавы.