У Беларусі неабходна арганізаваць вытворчасць самалётаў і верталётаў

2 апреля 2014
Адпаведную задачу сёння паставіў Прэзідэнт падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Баранавіцкі авіярамонтны завод. На думку Прэзідэнта, займацца толькі мадэрнізацыяй і рамонтам наяўнай тэхнікі бесперспектыўна, таму неабходна рабіць крок наперад і самастойна асвойваць выпуск новай, запатрабаванай на рынках прадукцыі. Прэзідэнту ў цэлым далажылі наконт стану і перспектыў развіцця абароннага сектара эканомікі Беларусі. Пасля наведвання завода Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з працоўным калектывам.

Завод арыентаваны на рамонт баявой авіятэхнікі - самалётаў Су-17, усіх мадыфікацый Су-25 Су-27, МіГ-29, а таксама верталётаў Мі-8 і Мі-24. Акрамя таго, асвоены рамонт самалётаў і верталётаў цывільнага прызначэння Ан-2 і Мі-17. Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта ў Брэсцкую вобласць у нашых наступных выпусках.