У Беларусі прызначаныя новыя міністры культуры і інфармацыі, а таксама рэктары вядучых ВНУ

28 сентября 2017

Важныя кадравыя рашэнні Прэзідэнта. Адразу некалькі сур'ёзных змен у міністэрствах і ВНУ краіны.

Кіраўнік дзяржавы прызначыў Аляксандра Карлюкевіча міністрам інфармацыі. Гэта павышэнне - раней ён займаў пазіцыю намесніка ў ведамстве. А яшчэ раней узначальваў Выдавецкі дом "Звязда". Пасаду кіраўніка Міністэрства культуры з гэтага дня займае Юрый Бондар. Сфера для яго зразумелая - ён быў рэктарам Універсітэта культуры.

Па выніках кадравага дня ў Прэзідэнта адбылося прыкметнае абнаўленне ў вышэйшай школе. Адразу ў некалькіх ВНУ краіны новыя кіраўнікі. Так, Аляксандр Лукашэнка прызначыў рэктара БДУ. Ім стаў Андрэй Кароль. Перш ён кіраваў Гродзенскім універсітэтам. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне кіраўнікоў і ў іншыя ВНУ. Змены закранулі яшчэ адну буйную навучальную ўстанову - БНТУ. На чале ўніверсітэта зараз Сяргей Харытончык. Некалькі кадравых рашэнняў і ў Магілёве. Рэктарам Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Куляшова стаў Дзяніс Дук. А Максім Кіркор узначаліў Універсітэт харчавання.

Таксама Прэзідэнт прызначыў памочнікаў па Мінскай і Віцебскай абласцях. Усе падрабязнасці кадравага чацвярга ў Прэзідэнта глядзіце ў наступных выпусках.