У Беларусі назіраецца рост продажаў калійных угнаенняў

6 марта 2014
Беларусі ўдалося пераламаць негатыўную сітуацыю мінулага года па пастаўках калійных угнаенняў і выйсці на ўстойлівы рост вытворчасці і продажаў на ключавых рынках. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі на нарадзе па пытанні эфектыўнага функцыянавання галіны. Прырост аб'ёмаў толькі за першыя 2 месяцы 2014 года склаў 25%. І хоць прыток валютнай выручкі ў краіну пакуль цалкам не адноўлены, Беларусь працягвае ўкладваць у развіццё калійнай галіны. Будуецца новае прадпрыемства, ёсць планы па развіцці перспектыўнага Прыпяцкага радовішча. Асноўным пытаннем, на думку Кіраўніка дзяржавы, застаецца інертнасць тавараправоднай сеткі. Аляксандр Лукашэнка назваў недапушчальным рост колькасці неапраўданых пасрэднікаў і запатрабаваў актывізаваць працу пасольстваў і гандлёвых прадстаўнікоў на знешніх рынках.

Сёння Прэзідэнт абверг чуткі і інфармацыйныя ўкідванні ў прэсе аб нібыта стварэнні новага беларуска-расійскага калійнага картэля, прычым з прапіскай у Маскве. Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што Беларусь гатова да аднаўлення калійнага альянсу, але навучаная горкім вопытам 2013 года, калі і будзе ствараць сумесную экспартную кампанію, то толькі ў Мінску.

Нагадаем, летам 2013 расійскі партнёр сумеснай БКК выйшаў без папярэджання з альянсу экспарцёраў і перанакіраваў калійныя пастаўкі праз Уралкалій - трэйдзінг, кампанію, зарэгістраваную ў Швейцарыі. Гэтым быў прычынены сур'ёзны ўрон бюджэтам і стратэгічным інтарэсам Расіі і Беларусі. Таксама экс-партнёр развязаў дэмпінгавую вайну на сусветных рынках, гэта справакавала абвал цэн і каштавала вядучым кампаніям - вытворцам Амерыкі, Еўропы і Ізраіля больш за 20 мільярдаў долараў толькі прамых страт. У такіх умовах Беларусі спатрэбілася каля паўгода, каб самастойна аднавіць пастаўкі ў ключавыя экспартныя рэгіёны свету - Лацінскую Амерыку і Азію, вярнуць давер спажыўцоў і перазаключыць доўгатэрміновыя кантракты. Сёння Уралкалій памяняў склад уласнікаў і актыўна зандзіруе праз прэсу магчымасць новага альянсу з Беларускай калійнай кампаніяй.