У Беларусі пачынаецца эпоха індывідуальнай медыцыны

7 октября 2015

Персанальная схема лячэння становіцца даступнай для кожнага пацыента: у Беларусі пачынаецца эпоха індывідуальнай медыцыны. Гэта стала магчымым дзякуючы запуску Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. Сёння з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця цэнтра ў Бараўлянах. Сучаснае абсталяванне комплексу дазваляе праводзіць раннюю дыягностыку анкалагічных, неўралагічных і кардыялагічных захворванняў. Кожнаму хвораму прызначаецца дакладная схема лячэння, якая найбольш падыходзіць канкрэтнаму чалавеку. Такім чынам, наша краіна сярод першых уступае ў стагоддзе персаніфікаванай медыцыны. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з абсталяваннем ПЭТ-цэнтра, а таксама наведаў Рэспубліканскую малекулярна-генетычную лабараторыю канцэрагенезу. Яна была ўведзена ў эксплуатацыю два месяцы таму. Гэта ўнікальная ўстанова не толькі ў краінах СНД, але і ва ўсім еўрапейскім рэгіёне, якая ўяўляе сабою невялікі інстытут, які дазволіць вывесці дыягностыку захворванняў і прымяненне хіміятэрапіі на якасна новы ўзровень. Тут жа вырабляюць супрацьпухлінныя вакцыны і распрацоўваюць новыя метады лячэння анкалагічных пацыентаў. На будаўніцтва ПЭТ-цэнтра і ўзвядзенне лабараторыі канцэрагенезу было выдаткавана каля 700 мільярдаў рублёў.

Сёння ў Бараўлянах Прэзідэнт Беларусі сустрэўся і з удзельнікамі Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Новыя тэхналогіі ў медыцыне". Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў укаранёныя ў РНПЦ анкалогіі найноўшыя метады дыягностыкі і лячэння захворванняў. Аляксандр Лукашэнка заклікаў прысутных на форуме спецыялістаў узнімаць усе наяўныя праблемы, каб вырашаць іх. Прэзідэнт прапанаваў вызначыць, як перадаць рэгіёнам вядучыя медыцынскія тэхналогіі - неабходная матэрыяльная база для гэтага зараз ствараецца. Падчас зносін Аляксандра Лукашэнкі з элітай айчыннай навукі і медыцыны былі абмеркаваны пытанні будаўніцтва жылля для маладых медыкаў, вырашэнне дэмаграфічнай праблемы, а таксама ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя.

Па выніках гутаркі з навукоўцамі і ўрачамі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць магчымасць стварэння ў Беларусі цэнтра па клеткавых тэхналогіях. Пры гэтым будзе вывучана замежная практыка, з яе ўлікам вызначаны патрэбны кірунак для развіцця. Падрабязнасці адкрыцця ПЭТ-цэнтра ў Бараўлянах з удзелам Прэзідэнта - вечарам на інфармацыйным канале "Панарама".