У Беларусі рыхтуюцца да рэфармавання судовай сістэмы

19 ноября 2013

Пра ўдасканаленне дзейнасці судоў і органаў юстыцыі гаворка ішла сёння на нарадзе ў Прэзідэнта. Якой павінна стаць сістэма ўжо з першага студзеня новага года?

Дэталі абмеркавання ў рэпартажы Алесі Высоцкай.



Чалавеку, які звяртаецца ў суд, важна якасць правасуддзя, а таксама аператыўнасць судовай абароны парушаных правоў. Гэта тонкая сфера, якая часта ўплывае і на лёсы людзей. І пра тое, што судовай сістэме ў нашай краіне трэба ўдасканальвацца - і для выгоды грамадзян, і для хуткасці справаводства, у юрыдычных колах гаварылі даўно.


Тэма так або інакш уздымалася на працягу апошняга пяцігоддзя. Змены наспелі. І агульнае патрабаванне Прэзідэнта: усе рашэнні павінны быць узважанымі.


Судовая сістэма Беларусі ўжо ўкараніла шэраг навін. Змены прыкметныя. Знізілася нагрузка на суддзяў, а новыя формы працы павысілі якасць і аператыўнасць. Але праблемы ёсць. Напрыклад, адсутнасць аднастайнасці. Гэта значыць, што ў судоў агульных - адзін падыход да справы, у гаспадарчых - іншае бачанне. Ёсць цяжкасці ў азначэнні падсуднасці ў пэўных спрэчках. Скажам, ужываюцца адны і тыя ж нормы грамадзянскага і адміністрацыйнага права, але абарона ідзе па-рознаму. І няма адзінага падыходу, напрыклад, да канфіскацыі прадметаў мытных правапарушэнняў. Па-рознаму ацэньваецца і аб'ектыўнасць доказнай базы.


Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў свой час была створаная міжведамасная рабочая група. Яе ўзначаліў намглавы Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч. Разгледжваліся ўсе магчымыя варыянты, як зрабіць беларускую судовую сістэму больш дасканалай. Эксперты прааналізавалі замежны вопыт.


І прыйшлі да меркавання: патрабуецца адзіная магутная сістэма. І сёння на нарадзе прапанавалі аб'яднаць пад кіраўніцтвам Вярхоўнага суда суды гаспадарчыя, якія займаюцца ў асноўным эканамічнымі спрэчкамі, вяртаннем даўгоў і гэтак далей, з судамі агульнымі, гэта значыць, тымі, якія выкарыстоўваюць класічную форму судаводства. Гэтай новай сістэме перадаць функцыі па арганізацыйным, матэрыяльна-тэхнічным і кадравым забеспячэнні. Гэта значыць, поўнае кіраванне. І трэцяе: аб'яднаць судовых выканаўцаў.


Фактычна гаспадарчы суд стане працаваць як спецыялізаваны, але ўжо ў адзінай сістэме. Такі ж прынцып дзейнічае і ў многіх нашых суседзяў. І там практыка паказала, што нават спрэчак аб падведамнасці спраў паміж рознымі судамі стала менш. Заканадаўства тлумачыцца аднастайна. Ёсць і іншыя плюсы, што ў цэлым павышае якасць і аператыўнасць правасуддзя.


Такі новы падыход Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала назваў лагічным працягам удасканалення ўсёй прававой сістэмы ў краіне. Да таго ж сёння гэта сусветная тэндэнцыя: многія краіны ідуць шляхам развіцця менавіта спецыялізаваных судоў, але ў агульнай, адзінай сістэме.


На думку распрацоўшчыкаў, новы паход не запатрабуе павелічэння штата і дадатковых выдаткаў. Гэта, дарэчы, таксама адно з патрабаванняў Прэзідэнта. Захоўваюцца кадры, змяняецца толькі сістэма кіравання з максімальным набліжэннем да міжнародных стандартаў. Паколькі на этапе абмеркавання ў юрыдычных колах меркаванні розныя, Аляксандр Лукашэнка сёння пацікавіўся, ці давялося шукаць кампрамісы.


Прэзідэнт нагадаў і пра ваенныя суды. Раней выказвалася прапанова іх ліквідаваць. Пазіцыя Вярхоўнага суда: пакуль іх варта захаваць. Меркаванне Аляксандра Лукашэнкі: не павінен маёр судзіць маёра. Ваенныя суды, па сутнасці, суды агульнай практыкі, але сёння яны на забеспячэнні ў Мінабароны.


Прэзідэнт нагадаў таксама пра дэбюракратызацыю, якая датычыцца і судовай сістэмы. Суды павінны быць бесстароннімі. У свой час вялікіх намаганняў каштавала адмена так званага тэлефоннага права.


Што датычыцца судовых выканаўцаў, якія сёння ёсць і ў гаспадарчых судах, і ў агульных, і ўсюды свае метады працы, дык Мінюст прапанаваў аб'яднаць іх, магчыма, у дэпартамент і падпарадкаваць Міністэрству юстыцыі. Мэтазгоднасць такога рашэння выклікала ў Прэзідэнта сумненне. На думку Прэзідэнта, гэтыя функцыі могуць выконваць звычайныя ўпраўленні юстыцыі, якія і сёння працуюць пры аблвыканкамах. А ў якасці эксперыменту прапанаваў таксама на базе Мінскай вобласці аб'яднаць з ўпраўленнямі юстыцыі юрыдычныя аддзелы.


Падводзячы вынік нарады, Прэзідэнт нагадаў: зыходзіць трэба з дзяржаўных інтарэсаў. Адзіная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі павінна пачаць працу з новага года.


У гэтай галіны ўлады з'явіцца і Палац правасуддзя. Па даручэнні Прэзідэнта яго плануюць пабудаваць у Мінску з прыцягненнем інвестара.