У Беларусь з першым афіцыйным візітам прыбыў Прэзідэнт Малдовы

16 июля 2015

У Беларусь з першым афіцыйным візітам прыбыў Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці. Самалёт малдаўскага лідара паўгадзіны таму прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правядзе сустрэчу ў вузкім і пашыраным фармаце з Прэзідэнтам Малдовы Мікалаем Цімофці. На парадку дня пытанні развіцця супрацоўніцтва, сумесныя праекты, новыя вытворчасці, павелічэнне ўзаемнага гандлю. Малдова - важны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі. У СНД чацвёрты пасля Расіі, Украіны і Казахстана.

Больш падрабязна Дар'я Белавусава-Пятроўская. Мінск сёння ў цэнтры палітычных падзей. З афіцыйным візітам нашу краіну наведвае Прэзідэнт Малдовы. Яго картэж літаральна праз некалькі гадзін прыбудзе ў Палац Незалежнасці. Мікалай Цімофці ўжо быў у Мінску, удзельнічаў у самітах СНД. Але на вышэйшым узроўні гэта яго першы візіт у Беларусь.

Дыпламатычным адносінам Беларусі і Малдовы больш як 20 гадоў.

За гэты час Аляксандр Лукашэнка наведваў Кішынёў двойчы: у 1995-м і год таму, у 2014-м. Тады тавараабарот дзвюх краін быў каля 400 мільёнаў долараў і прэзідэнты дамовіліся яго нарасціць. А для гэтага ёсць вялізны патэнцыял.

Малдова - важны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі. У СНД чацвёрты пасля Расіі, Украіны і Казахстана. У Малдове працуюць больш за 35 тысяч трактароў "Беларус", малдаўскі спажывец добра знаёмы з нашай бытавой тэхнікай, таварамі лёгкай прамысловасці, малочнай прадукцыяй, медыцынскімі прэпаратамі. У сваю чаргу Беларусь за апошнія некалькі гадоў выйшла на першае месца па пастаўках вінаробнай прадукцыі з Малдовы, а гэта больш як чвэрць усяго малдаўскага экспарту віна. Але мы не толькі гандлюем, але і развіваем сумесныя вытворчасці. Так, на МТЗ ствараюць універсальныя трактары спецыяльна для працы на малдаўскіх вінаградніках і ў садах. Дарэчы, летась Малдова падпісала пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам і атрымала зону свабоднага гандлю з Еўропай. Дзякуючы вызваленню малдаўскіх тавараў ад выплаты мытных пошлін ВУП краіны павялічыцца на 1 мільярд еўра. Ад збліжэння Кішынёва з ЕС будзе карысць і для Мінска. Малдова прапануе Беларусі карыстацца яе зонай свабоднага гандлю з ЕС.

Сёння адбудуцца перамовы не толькі лідараў дзвюх краін, але і дзелавых колаў Беларусі і Малдовы. У рамках афіцыйнага візіту ў Мінску праходзіць беларуска-малдаўскі бізнес-форум. Асноўныя тэмы - сельская гаспадарка, машынабудаванне, аднаўляльныя крыніцы энергіі і распрацоўка тэхналогій абароны навакольнага асяроддзя.