У Беларусь з афіцыйным візітам прыбыў прэзідэнт Казахстана

29 ноября 2017

Сёння высокі госць з Астаны сустрэнецца з беларускім лідарам. А заўтра Нурсултан Назарбаеў прыме ўдзел у саміце АДКБ. У Палацы Незалежнасці працуе наш палітычны аглядальнік Аляксей Адашкін (прамое ўключэнне).

Адлегласць паміж Мінскам і Астаной - прыкладна тры тысячы кіламетраў. Але такая дыстанцыя не перашкаджае развіваць досыць блізкія эканамічныя і палітычныя адносіны. Пра саюзніцкі характар узаемадзеяння гаворыць нават частата сустрэч на вышэйшым узроўні. Толькі сёлета Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў тройчы бачыліся на розных міжнародных пляцоўках і ў розных гарадах - ад Астаны да Сочы.

Беларусь і Казахстан разам з Расіяй з’яўляюцца краінамі - заснавальніцамі Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтае аб'яднанне, на сусветныя меркі, досыць маладое, таму пытанні інтэграцыі ў рамках ЕАЭС - адно з найважнейшых на сустрэчах лідараў. Мінск і Астана аднолькава глядзяць на парадак дня міжнародных адносін. У тым ліку актыўна ўдзельнічаюць у ініцыятыве Кітая па стварэнні новага Шаўковага шляху. І Аляксандр Лукашэнка, і Нурсултан Назарбаеў - палітыкі прагматычныя і разглядаюць інтэграцыйныя праекты як магчымасць для павышэння канкурэнтаздольнасці сваіх краін. Зразумела, менавіта ўзаемная эканоміка стане адным з галоўных пытанняў сённяшніх перамоў тут, у Палацы Незалежнасці. Лідары змогуць абмеркаваць магчымасці для павелічэння тавараабароту. Гэты паказчык у 2014 набліжаўся да аднаго мільярда долараў. Потым знізіўся з-за ваганняў на сусветных рынках. Але апошнія два гады назіраецца актывізацыя супрацоўніцтва. За дзевяць месяцаў 2017 тавараабарот павялічыўся амаль на 65 працэнтаў. Беларускі экспарт пры гэтым перавысіў 425 мільёнаў долараў. Існуюць магчымасці для далейшага росту. У тым ліку за кошт новых праектаў: ёсць цікавасць да сумеснай вытворчасці прадуктаў харчавання, супрацоўніцтва ў аграсектары і ў сферы высокіх тэхналогій. Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае амаль дзвесце суб'ектаў. Акрамя таго, ужо сёння на тэрыторыі нашага партнёра па ЕАЭС працуюць 8 сумесных зборачных вытворчасцяў.

Аб узаемнай эканоміцы сёння будуць гаварыць і дзелавыя колы дзвюх краін, якія ў суседнім з Палацам Незалежнасці будынку збяруцца на бізнес-форуме. Толькі з боку Казахстана заяўлена амаль паўтары сотні прадпрымальнікаў. Наогул гэты год у адносінах дзвюх дзяржаў знакавы - краіны адзначаюць 25 гадоў дыпламатычных адносін. Гэта надае дадатковую важнасць сённяшнім перамовам двух лідараў.