У Астане прайшлі перамовы на вышэйшым узроўні

4 октября 2013

Сёння ў другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан у Астане прайшлі перамовы на вышэйшым узроўні. Раніцай Кіраўнік беларускай дзяржавы прыбыў у рэзідэнцыю прэзідэнта Казахстана Акорда, дзе ў зале ўрачыстых цырымоній яго прывітаў Нурсултан Назарбаеў. Абавязковыя атрыбуты афіцыйнага пратакола: гімны дзвюх краін і рота ганаровай варты.


Затым пачаліся перамовы кіраўнікоў дзяржаў у вузкім складзе. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што практыка рэгулярных сустрэч лідараў дзвюх дзяржаў з'яўляецца вельмі правільным рашэннем, гэта актывізуе рэалізацыю пастаўленых задач.


Праз гадзіну да прэзідэнтаў далучыліся дэлегацыі. Кіраўнік беларускай дзяржавы запрасіў буйны казахстанскі бізнес інвеставаць у Беларусь. Важным крокам назваў Аляксандр Лукашэнка адкрыццё сумеснага навучальна-вытворчага цэнтра падрыхтоўкі інжынерных кадраў пры Казахскім агратэхнічным універсітэце. Перспектыўным таксама можа стаць супрацоўніцтва паміж краінамі ў АПК, транспартнай сферы, міжрэгіянальныя сувязі.


Прэзідэнты Беларусі і Казахстана дамовіліся паглыбляць эканамічную інтэграцыю ў розных фарматах. Сумесную заяву Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў прынялі па выніках афіцыйных перамоў у Астане. Таксама кіраўнікі дзяржаў вырашылі, што неабходна максімальна задзейнічаць перавагі ЕЭП і падпісалі дарожную карту развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі да 2016 года. Выгадным для краін стане і будучы Еўразійскі эканамічны саюз.