У адрас Прэзідэнта і беларускага народа паступаюць шматлікія віншаванні ад замежных лідараў

3 июля 2015

З нагоды Дня Незалежнасці ў адрас Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа паступаюць шматлікія віншаванні ад замежных лідараў, вядомых грамадскіх, палітычных і рэлігійных дзеячаў, а таксама міжнародных арганізацый. Напярэдадні Аляксандра Лукашэнку павіншавалі лідары краін СНД, Старшыня Кітая, Старшыня Дзяржсавета і Савета Міністраў Кубы, Каралева Вялікабрытаніі, Кароль Швецыі, Імператар Японіі, прэзідэнты В'етнама, Егіпта, Індыі, Інданезіі, Ірландыі, М'янмы, Палесціны, Рэспублікі Карэя, Сербіі, Сінгапура, Швейцарыі, Шры-Ланкі. Акрамя гэтага, беларускага лідара таксама павіншавалі Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, Князь і Вялікі Магістр Суверэннага Мальтыйскага ордэна, Генеральны сакратар ААН.

"Грунтуючыся на трывалых традыцыях сяброўства і ўзаемадапамогі, расійска-беларускія адносіны працягваюць дынамічна развівацца, - гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. - Добрую аддачу дае двухбаковае супрацоўніцтва ў розных галінах, інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, а таксама Еўразійскага эканамічнага саюза. Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы забяспечым далейшае нарошчванне ўсяго комплексу партнёрскіх сувязяў паміж Расіяй і Беларуссю". У віншаванні кітайскага лідара Сі Цзіньпіна прагучала: "Зараз супрацоўніцтву Беларусі і КНР у розных сферах адкрываюцца новыя перспектывы. Выказваю гатоўнасць да вывядзення кітайска-беларускіх адносін на новы ўзровень на карысць абодвух дзяржаў і народаў".