У Прэзідэнта дзень кадравых рашэнняў

10 сентября 2013

Датычыліся яны самых розных сфер, а таксама пасад - ад кіраўнікоў раёнаў да дыпламатычных прадстаўнікоў нашай краіны за мяжой. Прызначэнцаў у сённяшнім спісе ўсяго было каля двух дзясяткаў. Прызначаючы тых, хто зараз будзе прадстаўляць інтарэсы нашай краіны за мяжой, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: ад паслоў чакаюцца канкрэтныя вынікі не толькі ў палітычнай сферы, але і ў эканоміцы, і праца будзе ацэньвацца ў дынаміцы.

У якасці пэўнага прыкладу Прэзідэнт прывёў калійную галіну: пасля ўскладнення сітуацыі на сусветным рынку актывізаваць намаганні па продажы беларускіх калійных угнаенняў павінны нашы прадстаўнікі па ўсім свеце. Зрэшты, датычыцца гэта далёка не толькі калія. Актыўнасці і мэтанакіраванасці ў цэлым патрабуе Прэзідэнт ад усіх без выключэння прызначаных сёння людзей.


Аб кадравым дні Кіраўніка дзяржавы - рэпартаж Сяргея Хамянтоўскага.


У Белай зале Адміністрацыі Прэзідэнта новыя асобы беларускай дыпламатыі. Амаль усе кадравыя дыпламаты невядомыя шырокаму колу людзей. Праўда, ёсць і асобы публічныя. Кадравы пратакол агучвае Кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі. Пачынае з Сяргея Рачкова. З гэтага часу ён надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Егіпце і наш пастаянны прадстаўнік пры Лізе Арабскіх Дзяржаў. Уладзімір Скварцоў змяніў вектар дзейнасці. Былому паслу ў Германіі Кіраўнік дзяржавы даручыў унікаць у блізкаўсходнюю праблематыку. Але галоўнае - гандаль. Да эканамізацыі дыпламатыі новыя людзі гатовыя.


Марына Далгаполава будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Латвіі. Анатоль Нічкасаў змяніў род дзейнасці і ўзначаліў дыпламатычную місію ў Астане, сталіцы стратэгічнага партнёра Беларусі - Казахстана. Алег Табанюкоў з гэтага часу наш пасол у Туркменістане. Мікалай Клакевіч па суседстве - ва Узбекістане. Аляксандр Астроўскі з Хельсінкі будзе мацаваць беларуска-фінляндскае сяброўства.


На пасадзе генеральнага консула ў Шанхаі - Валерый Мацэль. Гэты год выдаўся насычаным для Беларусі на кітайскім кірунку. Гэта і візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Пекін, і паездкі чыноўнікаў высокага рангу ў Беларусь. Чакаюць у Пекіне да канца года і беларускага прэм'ера. Шанхай сёння - лакаматыў кітайскай эканомікі з 24-мільённым рынкам. Рост экспарту і прыцягненне інвестыцый - вось галоўныя задачы дыпламата.


Прызначаючы паслоў, Прэзідэнт даручыў выпрацаваць выразныя крытэрыі ацэнкі працы паслоў. Іх работа павінна даваць вынікі для краіны не толькі ў сферы палітыкі, але, першым чынам, у эканоміцы.


Міністр замежных спраў Уладзімір Макей запэўніў Прэзідэнта, што падчас адбору кандыдатур у першую чаргу прымаліся ва ўлік іх дзелавыя якасці. У гэтым ключы пройдзе ратацыя ўсяго дыпкорпусу.


З абноўленым МЗС Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца ў ліпені наступнага года. Але ўжо сёння Прэзідэнт вызначыў задачу галоўную. Эканоміка - гэта галоўнае.


Таксама сёння Прэзідэнт прызначыў Вячаслава Бяскостага паслом Беларусі ў Рэспубліцы Кот-д'Івуар па сумяшчальніцтве, Рамана Галоўчанку паслом Беларусі ў Дзяржаве Катар і Дзяржаве Кувейт па сумяшчальніцтве. Дыпламат Уладзімір Лапата-Загорскі з гэтага часу і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Кіраўнік дзяржавы прызначыў Вольгу Дубаневіч галоўным навуковым сакратаром Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.


І сёння Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Віктара Саверчанкі генконсулам Беларусі ў Нью-Ёрку, Аляксандра Яцко - намеснікам міністра культуры, Ігара Брыло - намеснікам Мінсельгасхарча, Артура Карповіча - першым намеснікам Мінгандлю, Дзмітрыя Чарняка - дырэктарам ААТ Гомельскі хімічны завод, Валерыя Дуная - рэктарам Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава, Аляксандра Каўша - членам Гродзенскага аблвыканкама.


Новаспечаных старшыняў Ушацкага і Дрыбінскага райвыканкамаў Віктара Родзіча і Алега Маслака Прэзідэнт прыняў асабіста. Дарэчы, Віктар Родзіч самы малады рэгіянальны кіраўнік. Яму ўсяго-та 32 гады, а ў падначаленні ўжо раён. Маладосць не перашкода, лічыць Прэзідэнт, патрэбна чалавечая сталасць і пачуццё кіраўніка.