У Аляксандра Лукашэнкі быў вялікі кадравы дзень

22 апреля 2013

Новыя людзі прыйшлі на міністэрскую, дыпламатычную і экспертную пасады. Самыя інтрыгуючыя прызначэнні - у энергетычнай галіне. 


Пра новых кіраўнікоў і новыя задачы распавядзе Юрый Пракопаў.

Працай энергетычнай галіны Прэзідэнт незадаволены даўно. Яшчэ на сакавіцкай нарадзе з урадам Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў кіраўніцтва адпаведнага міністэрства. У прыватнасці, за непразрыстую тарыфную палітыку. Пытанне, за што і па якіх цэнах плацяць спажыўцы, так і засталося без адказу. Да гэтай тэмы Кіраўнік дзяржавы вярнуўся і на мінулым тыдні. За паўтара месяца сітуацыя не змянілася, калі не стала горшай. Усё тая ж нездавальняючая адзнака   за тарыфаўтварэнне. Плюс месцамі праваленая мадэрнізацыя, экспарт сабе ў страту і нават карупцыя. Як вынік, адстаўкі ў Мінэнерга і Белэнерга.


Выпраўляць сітуацыю будзе новае кіраўніцтва галіны.  Сёння Прэзідэнт прызначыў Міністрам энергетыкі Уладзіміра Патупчыка, а гендырэктарам Белэнерга  Яўгена Воранава. Абодва прафесійныя энергетыкі і кіраўнікі. Уладзімір Патупчык пачынаў сваю кар'еру інжынерам на Мазырскай ЦЭЦ, быў міністрам працы, віцэ-прэм'ерам, сенатарам. Воранаў пайшоў на павышэнне з пасады начальніка мінскіх энергетыкаў.

Свой выбар Аляксандр Лукашэнка растлумачыў здольнасцю гэтых людзей адстойваць дзяржаўныя інтарэсы. Ад новага кіраўніцтва Прэзідэнт чакае сур'ёзных пераўтварэнняў у галіне. Перш за ўсё - рэформа і аптымізацыя структуры. Прэзідэнт даручыў новаму міністру ўзяць пад жорсткі кантроль пераўтварэнне ведамства - ад вырашэння бягучых пытанняў да стратэгічнага планавання. Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытанні, як зрабіць тарыфы празрыстымі за кошт скарачэння выдаткаў.

Яшчэ адно прызначэнне таксама ўскосна звязана з энергетыкай, больш дакладна, з краінай, якая робіць надвор'е на сусветным рынку нафты. Зрэшты, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты гэта не толькі нафта. Апошнім часам там бурна развіваецца будаўніцтва, транспарт, сельская гаспадарка, гандаль.  Новаму паслу Раману Галоўчанку трэба будзе асвойваць нетрадыцыйныя кірункі супрацоўніцтва, а таксама зрабіць так, каб эканоміка дагнала добрыя палітычныя адносіны.