Лічбавая трансфармацыя эканомікі - адзін з прыярытэтаў развіцця дзяржавы

11 декабря 2017

Прасоўванне інфармацыйных тэхналогій сёння абмяркоўваюць на нарадзе ў Прэзідэнта.

Размова пра стварэнне так званай ІТ-краіны. Такое рашэнне было прынята яшчэ ўвесну, і спецыялісты максімальна хутка падрыхтавалі пакет прапаноў. У праекце дэкрэта - шэраг перадавых пунктаў для ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Так, плануецца пашырыць віды дзейнасці для рэзідэнтаў ПВТ. Прадугледжаны дазвол выкарыстоўваць элементы англійскага права ў ІТ-сферы. Гэта дазволіць складаць інвестыцыйныя дамовы ў Беларусі і прыцягнуць частку фінансавых патокаў з-за мяжы. Яшчэ наша краіна можа стаць адной з першых у свеце, дзе юрыдычна будзе замацавана паняцце блакчэйну. Гэта прынцыпова новы кірунак у сферы лічбавых тэхналогій, які на дзяржузроўні развіваюць адзінкі. Да прыкладу, Японія, Швейцарыя і Сінгапур. Таксама праект дэкрэта ўводзіць у прававое поле такія паняцці, як "токены", "крыптавалюта", "майнінг" і іншыя.

Новы дэкрэт адкрывае Беларусь для інвестыцый з боку замежнага ІТ-капіталу і дае ўнікальныя веды і вопыт у выкарыстанні тэхналогій крыптавалют. Эксперты падкрэсліваюць, што рэалізацыя дакумента не запатрабуе вылучэння дадатковых крыніц фінансавання.