Цырымонія ўступлення на пасаду зноў абранага Прэзідэнта Беларусі адбудзецца 6 лістапада

4 ноября 2015

Цырымонія ўступлення на пасаду зноў абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца 6 лістапада 2015 года. Упершыню інаўгурацыя будзе праходзіць у Палацы Незалежнасці. У Зале ўрачыстых цырымоній Аляксандр Лукашэнка прынясе прысягу Прэзідэнта Беларусі і падпіша адпаведны акт. Пасведчанне Прэзідэнта Кіраўніку дзяржавы будзе ўручана ў прысутнасці больш як тысячы запрошаных, сярод якіх - вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці. Затым урачыстыя мерапрыемствы перамесцяцца на плошчу Дзяржаўнага флага, дзе вайскоўцы прынясуць клятву на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту. Пасля завяршэння цырымоніі перад Кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам пройдзе рота ганаровай варты. З месца правядзення мерапрыемстваў будзе весціся прамая трансляцыя па ўсіх каналах беларускага тэлебачання. Яна пачнецца ў 12:00. Акрамя таго, з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта ў Палацы Рэспублікі адбудзецца святочны канцэрт "Разам у новы дзень". На галоўнай сцэне краіны выступяць дарослыя і дзеці, таленавітыя самародкі з глыбінкі і вядомыя беларускія артысты, а таксама ўслаўленыя землякі, якія жывуць у розных краінах свету, але аб'яднаныя любоўю да роднай Беларусі.