Цырымонія ўручэння прэмій "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва прайшла ў Палацы Рэспублікі. У калядныя дні стала добрай традыцыяй адзначаць на вышэйшым узроўні ўклад беларусаў у развіццё і духоўнае ўзбагачэнне нашай краіны.
Такіх людзей Кіраўнік дзяржавы ўзнагароджвае асабіста. Згодна са словамі Аляксандра Лукашэнкі, зберагчы краіну і перадаць яе вольнай і незалежнай наступным пакаленням - агульная задача беларусаў.
Па выніках мінулага года прысвоена пяць прэмій "За духоўнае адраджэнне". Сярод тых, хто іх удастоены, - настаяцель Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ігумен Яўсевій. Лаўрэатамі прэміі сталі калектывы Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей інвалідаў, а таксама Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Узнагароджана Федэрацыя прафсаюзаў за правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне. Сярод лаўрэатаў - загадчык кафедры архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Сергачоў. Усе ўзнагароджаныя заслугоўваюць самых цёплых слоў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках года прысуджаны і 10 спецпрэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. У ліку ўладальнікаў - калектыў Белтэлерадыёкампаніі за стварэнне серыі ролікаў "Мы зрабілі гэта разам". Прэмія "За духоўнае адраджэнне" ўручаецца ўжо 20 гадоў. За гэты час лаўрэатамі сталі сотні таленавітых і адданых сваёй справе беларусаў. Культура, спорт, навука, мастацтва, адукацыя, гісторыя. Вынік працы гэтых людзей не толькі нацыянальная спадчына, але і тая самая духоўная дыпламатыя, якой часам так не хапае ў сучасным свеце.













