Тры сустрэчы ў Палацы Незалежнасці. Пачатак рабочага тыдня у Кіраўніка дзяржавы выдаўся насычаным

24 сентября 2018

Пачатак рабочага тыдня выдаўся насычаным у Кіраўніка дзяржавы. Адразу тры сустрэчы адбыліся ў Палацы Незалежнасці. Аб крымінагеннай сітуацыі Прэзідэнту дакладваў Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Так, на 3 % зменшана колькасць пацярпелых ад злачынстваў, палепшылася і абарона пажылых грамадзян. Менавіта дынаміка па асноўных кірунках барацьбы са злачыннасцю цікавіла сёння Аляксандра Лукашэнку. Асаблівую ўвагу лідар запатрабаваў надаць барацьбе з бытавым насіллем, у прыватнасці, на сяле. Згодна са статыстыкай, менавіта гэтыя злачынствы вылучаюцца асаблівай жорсткасцю, іх складана прадухіліць. Таксама Прэзідэнта цікавілі барацьба з эканамічнымі злачынствамі, карупцыяй і заканадаўчыя ініцыятывы міністэрства ў сферы процідзеяння незаконнай міграцыі. Асобным пунктам даклада Ігара Шуневіча таксама стала сітуацыя ў хакейным клубе "Дынама-Мінск".

Адказваючы на пытанні журналістаў, Ігар Шуневіч адзначыў, што міністэрства актыўна ўключылася ў навядзенне парадку ў Аршанскім краі. І гэты вопыт плануюць распаўсюдзіць і на іншыя сярэднія беларускія гарады. Міністр таксама праанансаваў змяненні ў міграцыйнае заканадаўства і інтэграцыю Федэрацыі хакея з клубнай базай. Абедзве ініцыятывы пакуль без дэталяў, але рэвалюцыйных перамен чакаць не варта. Таксама Ігар Шуневіч удакладніў, як менавіта замежныя паліцэйскія дапамогуць айчынным на будучых II Еўрапейскіх гульнях у Беларусі. Калег прыцягнуць выключна як экспертаў.

А вось сфера, дзе ўсім сілавым органам даручана выявіць максімальную зладжанасць і вынік - спыненне незаконнага трафіку ў Беларусі зброі і боепрыпасаў. Асабліва з паўднёвага кірунку. З 2014 года на беларуска-ўкраінскім участку мяжы пачасціліся факты затрымання буйных арсеналаў, якія ўключаюць у тым ліку цяжкую аўтаматычную зброю. Толькі за лета гэтага года на мяжы канфіскавана больш за 100 адзінак.

Тэма ўзмацнення паўднёвага ўчастку мяжы, асабліва за кошт мабільных і падрыхтаваных манеўраных груп, сёння стала ключавой на сустрэчы Прэзідэнта з Дзяржсакратаром Савета бяспекі Станіславам Засем і Старшынёй Пагранічнага камітэта Анатолем Лапо. Даручэнне распрацаваць план мадэрнізацыі беларускі лідар даў яшчэ ў чэрвені пасля дэталёвага аналізу сітуацыі і асабістай інспекцыі Брэсцкай пагрангрупы. Аднак прапанаванае сёння шмат у чым механічнае пашырэнне пагранслужбы прыкладна на тысячу чалавек Кіраўнік дзяржавы не падтрымаў. Прэзідэнт даручыў да канца года літаральна вызначыцца па кожным чалавеку. Галоўныя крытэрыі: эфектыўнасць і аддача ад кожнага новага падраздзялення. Пры гэтым мадэрнізацыя павінна весціся як за кошт залішніх кіраўніцкіх, тылавых і дапаможных пасад у самім камітэце, так і за кошт пераразмеркавання сілавікоў. Напрыклад, з кадравага рэсурсу Узброеных Сіл. Менавіта такі руплівы падыход забяспечыць абарону мяжы, але не прывядзе да сур'ёзнага росту агульнай колькасці сілавікоў у маштабах краіны, упэўнены Прэзідэнт.

Як паведаміў дзяржсакратар Савета бяспекі па выніках даклада Прэзідэнту, неабходнасць узмацнення пагранведамства наспела даўно. Колькасць пагранічнікаў нязменная ўжо 4 гады, прытым што за гэты тэрмін колькасць застаў і пастоў вырасла на два дзясяткі. Зрэшты, па даручэнні Прэзідэнта план мадэрнізацыі яшчэ раз пералічаць і ўдакладняць па кожным падраздзяленні і кожнай штатнай адзінцы. Улічаць нават характар мясцовасці і магчымыя сцэнарыі рэагавання.

Станіслаў Зась, Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі:

"З 2014 года без змянення колькасці Дзяржпагранкамітэта былі сфарміраваны больш за два дзясяткі новых пагранічных застаў і пастоў. З іх 18 - на ўкраінскай мяжы. Быў сфарміраваны Мазырскі пагранатрад. І ўсё гэта рабілі без павелічэння агульнай колькасці, за кошт пераразмеркавання. Такая праца павінна быць працягнутая. Але ўнутраныя рэзервы пагранічнікаў не безразмерныя. Таму аб'ектыўна колькасць трэба дадаваць".