Толькі пачаткам вялікага шляху назваў Прэзідэнт вынікі мадэрнізацыі на "Камволі"

8 декабря 2017

Сёння Кіраўнік дзяржавы наведаў найбуйнейшае беларускае прадпрыемства па вытворчасці тэкстылю. Аляксандр Лукашэнка ацаніў абноўленыя цэхі і азнаёміўся з тэхналогіямі, якія дазваляюць атрымаць прадукт высокай якасці. Рэнтабельнасць новай прадукцыі - каля 6%. Зараз яна зможа канкурыраваць не толькі на расійскім рынку: у распрацоўцы - Азіяцкі рэгіён і краіны Еўрасаюза. У цэлым, вынікі працы, праробленай на "Камволі", атрымалі станоўчую ацэнку, зараз акцэнт - на далейшае развіццё.

На "Камволі" працуе 700 чалавек, і Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з працоўным калектывам. Акрамя ўнутраных пытанняў, супрацоўнікаў прадпрыемства цікавілі і актуальныя падзеі, у тым ліку, спартыўныя скандалы вакол удзелу Расіі ў маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях.

Адраджаць стратную вытворчасць пачалі ў канцы 2012-га - такое было рашэнне Прэзідэнта. Абышлася мадэрнізацыя больш чым 110 мільёнаў долараў. На гэтыя грошы было закуплена амаль 300 адзінак самага сучаснага абсталявання, якое ўжо дае аддачу.