Тэлеверсія прэс-канферэнцыі Прэзідэнта Беларусі ў 21:00 на Беларусь 1 і Беларусь 24

17 ноября 2016

У Беларусі і Расіі сёння няроўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання. На гэта падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ звярнуў увагу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Напрамую пагутарыць з беларускім лідарам сёлета змаглі каля сотні рэпарцёраў і блогераў.

У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў лічбы па сабекошце прадукцыі на прадпрыемствах МАЗ і КамАЗ, на якія ў тым ліку ўплываюць цэны на спажываемы заводамі прыродны газ. Так, беларускія аўтавытворцы плацяць у некалькі разоў больш. Канкурыраваць складана, а гэта адлюстроўваецца і на зарплатах.

Няроўныя ўмовы і ў пытаннях нафтараспрацовак. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Расія не зацікаўлена ў допуску нашай краіны да работ на сваёй тэрыторыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што ўплываць на Беларусь з дапамогай нафтагазавых пытанняў - няправільна, лепш "уплываць такім чынам, каб у нас былі агульныя праекты", тым больш будучыня не за нафтай і газам, а за найноўшымі тэхналогіямі. Не засталася без увагі і канфліктная сітуацыя ва Украіне.

Прэс-канферэнцыя Прэзідэнта рэгіянальным СМІ Расіі працягваецца ўжо больш за 5 гадзін. Прамая трансляцыя ў гэтыя хвіліны ідзе на Беларускім радыё. А тэлеверсію пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24" у 21:00. "Панарама" выйдзе ў эфір у 20:30.