Прэзідэнт расставіў прыярытэты ў працы парламента

5 декабря 2019
Аб ролі парламента, уроках гісторыі і галоўных прыярытэтах у палітычным курсе краіны. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся сёння з парламентарыямі 6 і 7 скліканняў Нацыянальнага сходу. Размова атрымалася шчырай. І тэмы гучалі розныя:  ад вынікаў выбараў і задач народных выбраннікаў  да пунктаў эканамічнага росту, павышэння нараджальнасці і асобных аспектаў адносін з галоўным партнёрам  - Расіяй.

Асноўнае і самае важнае, на чым акцэнтаваў увагу дэпутатаў і сенатараў Прэзідэнт,   канструктыўная праца на карысць выбаршчыкаў. Дзякуючы парламенту дзяржава ў свой час змагла запоўніць прававы вакуум, з якім сутыкнулася ў пачатку суверэнітэту. Асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі  прапісаліся ў законах. А іх больш за дзве тысячы за гісторыю незалежнасці. Парламент стаў вядомым і аўтарытэтным. Голас Беларусі гучыць з розных міжнародных трыбун. Канструктыўны падыход, адсутнасць палітычных сварак,  спакойная планамерная праца  прыцягваюць увагу дзелавых колаў. Такой жа аддачы чакаюць і ад парламентарыяў 7 склікання. 


Прэзідэнт распавёў пра будучыя перамовы з Пуціным

Прэзідэнт адказаў і на пытанні, якія абмяркоўваюцца ў грамадстве. Напрыклад, аб будучых перамовах з Пуціным, а таксама ў цэлым  аб праблематыцы ў адносінах з Расіяй. Як вядома, завяршаецца праца  над пакетам дарожных карт па паглыбленні інтэграцыі. І Аляксандр Лукашэнка,  каменціруючы здагадкі і правакацыі ў інтэрнэце,  даў зразумець: пытанне беларускага суверэнітэту не абмяркоўвалася,  а асабіста для яго як Прэзідэнта гэтай тэмы зусім не існуе ў прыродзе.

Беларусь настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне, але толькі на роўных умовах. Будучы парадак дня выключна эканамічны. У прыватнасці, не вырашаны пытанні па газе і нафце. Дагэтуль не маем дамовы  па аб'ёме і цэнах. Усё яшчэ не вырашана і праблема па бруднай нафце.


Прэзідэнт узнагародзіў лепшых парламентарыяў 6 склікання

Прэзідэнт падзякаваў 6 скліканню за працу і ўзнагародзіў лепшых за актыўную грамадзянскую дзейнасць і ўклад у развіццё парламентарызму. На памяць аб сустрэчы застанецца і агульнае фота. Парламентарыі назвалі сустрэчу новай добрай традыцыяй суверэннай Беларусі. Гэта яшчэ адна магчымасць усім галінам улады зверыць пазіцыі, каб ва ўнісон рухацца далей.