Лёс "Гродна Азота" вырашылі на нарадзе ў Прэзідэнта

10 мая 2018

Будучыню прадпрыемства "Гродна Азот" сёння абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. Прамысловы гігант - гэта цэлы комплекс па выпуску азотных угнаенняў, аміяку, метанолу і іншай прадукцыі. Больш за палову яе пастаўляецца для сельгазарганізацый краіны. Таму стабільная праца "Гродна Азота" напрамую звязана з эфектыўнасцю прадпрыемстваў галіны. Аднак магутнасці завода адпрацавалі 30 гадоў, узнікла неабходнасць сур'ёзнай мадэрнізацыі. Урад прапанаваў два варыянты: абнавіць дзеючыя вытворчасці альбо пабудаваць новы комплекс.

Пасля дэталёвага абмеркавання Кіраўнік дзяржавы падтрымаў абедзве прапановы - пабудаваць новы азотны камбінат і паралельна мадэрнізаваць "Гродна Азот".

Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ раз дэталёва прапрацаваць усе варыянты рэалізацыі праекта, не зацягваць з рашэннямі, пры гэтым уважліва глядзець на цэны. Паводле слоў старшыні канцэрна "Белнафтахім", новы камбінат будзе каштаваць больш за мільярд долараў.

Сёння ў Палацы Незалежнасці абмяркоўвалі і рэалізацыю іншых значных інвестпраектаў. Прэзідэнт цікавіўся ходам будаўніцтва Беларускай АЭС, стварэннем у Астраўцы ўмоў для жыцця і працы супрацоўнікаў атамнай станцыі. Асобна разглядалася сітуацыя на Добрушскай папяровай фабрыцы, Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, закранулі стан спраў на "Нафтане" і "Магілёўхімвалакне". Аляксандр Лукашэнка таксама цікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па стварэнні вытворчасцяў спартыўнага інвентару і музычных інструментаў.