Будаўніцтва басейна і футбольнага стадыёна магчыма пачаць ужо ў першай палове 2020 года

7 августа 2019

Будаўніцтва басейна міжнароднага стандарту і Нацыянальнага футбольнага стадыёна  магчыма пачаць ужо ў першай палове наступнага года. Напярэдадні Прэзідэнту далажылі  аб рэалізацыі гэтых маштабных праектаў.

Яны абодва будуць размешчаныя ў Мінску і збудаваныя за кошт  бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая. Пагадненне паміж урадамі дзвюх  краін  было падпісана ў кастрычніку 2018 года. 

А ўжо праз паўгода Старшыня КНР Сі Цзіньпін прадэманстраваў беларускаму Прэзідэнту,  як будуць выглядаць стадыён і басейн. На палях форуму "Пояс і шлях" у Пекіне тады адбылася сустрэча двух лідараў. Гэтыя праекты прадугледжваюць рэалізацыю самых сучасных архітэктурных рашэнняў. 

Так, басейн будзе разлічаны на 6 тысяч гледачоў  і будзе адпавядаць  усім патрабаванням Міжнароднай федэрацыі плавання.  Трыбуны новага футбольнага стадыёна  змогуць змясціць 33  тысячы гледачоў. Узвядзенне аб'ектаў выконваецца  пад ключ. Тэрмін рэалізацыі - 2023 год. Увогуле  на будаўніцтва Кітай вылучыць 235  мільёнаў долараў.

У размове  абмеркавалі падрыхтоўку пляцовак. Тут Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, каб у месцы будаўніцтва не секлі лішнія дрэвы. Важна таксама і загадзя прадумаць нюансы эксплуатацыі ўжо гатовых будынкаў. Як і Беларусь, Кітай надае вялікую ўвагу  развіццю спорту. Супрацоўніцтва па гэтым кірунку з КНР  паспрыяе далейшаму правядзенню ў нашай краіне міжнародных топ-спаборніцтваў. Ну а для Пекіна гэтыя аб'екты ў Мінску стануць візітнай карткай Кітая ў Еўропе.