Стратэгію развіцця машынабудавання вызначаць у Беларусі ў найбліжэйшы час

27 мая 2016

Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання прадпрыемства холдынга "Амкадор" у Пінску. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, здзяйсняючы рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць: "Нашаму машынабудаванню быць... не ў зрэзаным выглядзе. Мы канкурэнтаздольныя". Увага да галіны з боку дзяржавы павышаная. За апошні час Аляксандр Лукашэнка пабываў амаль на ўсіх прадпрыемствах галіны. І вось сёння - "Амкадор". Холдынг складаецца з двух дзясяткаў кампаній і заводаў. Тут працуюць больш як 6 тысяч чалавек. У цэлым прадпрыемствы холдынга працуюць устойліва, вырабляюць канкурэнтаздольную прадукцыю. Але ўсё ж некаторыя цяжкасці ёсць. Яны абумоўленыя знешнімі фактарамі і курсавымі розніцамі. Падрабязнасці - у Аляксея Адашкіна.

Аляксей Чэшун прыйшоў працаваць на завод адразу пасля заканчэння школы. За сем гадоў стаў асам плазменнага рэзання металу. Летась заваяваў тытул лепшага ў сваёй прафесіі сярод усіх прадпрыемстваў холдынга "Амкадор". Каб кіраваць такімі станкамі, трэба добра разбірацца не толькі ў механіцы, але і валодаць камп'ютарнай граматай.

У вытворчым цыкле менавіта гэтыя станкі плазменнага і лазернага рэзання - першае звяно. З іх пачынаецца стварэнне тэхнікі. Мадэльны рад прадпрыемства "Амкадор-Пінск" уключае ў сябе больш за паўсотні відаў машын. Сярод іх - і снегаачышчальнікі, і дарожныя каткі, і экскаватары, і, вядома ж, пагрузчыкі розных мадыфікацый.

Менавіта ў Пінску вырабляюць самы вялікі пагрузчык-волат "Амкадор 371АС". Гэтая машына мае матор магутнасцю 300 конскіх сіл. І галоўная якасць - гэта грузападымальнасць амаль 7 тон. Гэта значыць, у гэтым гіганцкім каўшы можна перавозіць матэрыялы, маса якіх перавышае вагу трох легкавых аўтамабіляў. Разам з тым, пагрузчык-асілак вызначаецца даволі камфортнымі ўмовамі працы вадзіцеля. Тут кабіна з павышанай агляднасцю, добрая шумаізаляцыя і, вядома ж, кандыцыянер.

Выпускаюць тут і машыны для тарфяной галіны: ад фрэзероўшчыкаў да паўвагонаў для перавозкі карыснага выкапня. Адна з апошніх распрацовак, дарэчы, беларуска-сербская, - каток 6620 для кладкі асфальту. Пакуль у адзіным экзэмпляры - праходзіць выпрабаванні.

Сёлета на "Амкадор-Пінск" была завершаная маштабная мадэрнізацыя, пачатая пяць гадоў таму. У рамках рэканструкцыі было ўсталявана абсталяванне вядучых сусветных вытворцаў. У тым ліку - і тыя станкі плазменнага рэзання, на якіх зараз працуе Аляксей Чэшун. Для выпуску прадукцыі тут выкарыстоўваецца больш за дзве сотні новенькіх механізмаў, закупленых у Японіі, Германіі, Італіі і Швейцарыі. З такім інструментаром можна пакараць любыя - у тым ліку і самыя пераборлівыя рынкі.

Багдан Найдзёнаў, начальнік упраўлення ЗАТ "Амкадор-Пінск": "За кошт таго, што прадпрыемства мае шырокую наменклатуру тэхнікі, яно і здольна выжываць вось у гэты няпросты час. Холдынг "Амкадор" не стаіць на месцы і шукае пастаянна новыя рынкі збыту. Вось сёлета ў стадыі выканання знаходзіцца буйны кантракт па пастаўцы тэхнікі ў Рэспубліку Бангладэш. А таксама ў планах падпісанне кантракта з Рэспублікай Зімбабвэ. Агульны кошт тэхнікі, якая будзе пастаўленая па гэтых двух кантрактах, гэта парадку 25 млн. долараў".

На пераўзбраенне і мадэрнізацыю было выдаткавана 422 мільярды рублёў. Пашырэлі цэхі, павялічыліся аб'ёмы выпусканай прадукцыі. Больш стаў і лік працаўнікоў прадпрыемства. Сёння тут працуюць больш як 400 чалавек.

Гэтае пінскае прадпрыемства ўтворана ў 1993 годзе. У холдынг "Амкадор" увайшло ў 2012-м.

Прэзідэнт надае асаблівую ўвагу працы гэтай карпарацыі. Два гады таму Аляксандр Лукашэнка наведаў завод па вытворчасці гідраўлікі, які з'яўляецца важным састаўным звяном "Амкадора".

Наогул, айчыннае машынабудаванне - прадмет асаблівай цікавасці дзяржавы. Менавіта гэтая галіна з'яўляецца тым прывадам, які забяспечвае паступальны рух наперад - як у эканоміцы, так і ў навуцы, і сацыяльнай сферы. Аляксандр Лукашэнка за апошні час пабываў амаль на ўсіх флагманскіх прадпрыемствах. У іх ліку візіты і на МЗКТ, і на МАЗ, і на Мінскі маторны.

І вось сёння Кіраўніка дзяржавы сустракалі на пінскім філіяле холдынга "Амкадор". Мэта рабочай паездкі - не толькі азнаёміцца з вынікамі маштабнай мадэрнізацыі, але і абмеркаваць сітуацыю на ўсіх прадпрыемствах канцэрна. Карпарацыя, выкарыстоўваючы і прыватныя сродкі, і пазыковыя (у тым ліку і кітайскія крэдыты), актыўна пашыраецца і абнаўляецца.

Лепш за любыя словы за сябе гаворыць гэтая яркая тэхніка ў справе. Сёння на пляцоўцы каля завода было арганізаванае сапраўднае мотар-шоу. Галоўныя героі дзейства - машыны, сабраныя, у тым ліку і тут, у Пінску. Магутныя форвардары і форэстары проста гуляючы распраўляліся з драўнінай. Той самы волат "Амкадор 371" сваім магутным каўшом закрыў пачак запалак. Пагрузчык 732-й серыі змог спрытна зняць кепку з вешалкі. А адметнасцю праграмы стала вось гэтая дэманстрацыя дакладнасці механізмаў.

За рулём машын у гэты час знаходзіліся вадзіцелі-выпрабавальнікі "Амкадор". Менавіта праз іх рукі праходзіць уся тэхніка, якая тут выпускаецца. Віталь Вяршыцкі ўжо, да прыкладу, 12 гадоў з'яўляецца сапраўдным тэст-пілотам холдынга.

На пляцоўцы сёння Прэзідэнту паказалі ўвесь мадэльны рад канцэрна. Раней "Амкадор" асацыяваўся толькі з дарожнай тэхнікай. Гэта нават зразумела з назвы холдынга. Сёння ж складана нават назваць тую галіну, дзе не ўжываюцца машыны гэтага аб'яднання. Холдынг вырабляе камунальную, снегаўборачную, аэрадромную, лясную, сельскагаспадарчую тэхніку. У мадэльным радзе - больш як дзевяноста пазіцый.

Машыны з брэндам "Амкадор" працуюць больш як у 30 краінах свету. На планеце працуюць 90 дылераў аб'яднання. У тым ліку прадстаўніцтвы холдынга ёсць у Нікарагуа, на Кубе, у Сінгапуры і Бангладэш. Дарэчы, гэтая азіяцкая краіна склала дамову з "Амкадор" на 50 мільёнаў долараў. Традыцыйныя рынкі збыту - расійскі і ўкраінскі - праселі, і канцэрн актыўна шукае новых пакупнікоў. Такім чынам атрымліваецца захаваць устойлівую працу.

Праз знешнія фактары, курсавую розніцу, неабходнасць абслугоўваць крэдыты на інавацыі холдынг мае некаторыя цяжкасці. І дзяржава разгледзіць магчымасць падтрымкі машынабудаўнічага гіганта, паабяцаў сёння Прэзідэнт.

Холдынг уключае ў сябе 22 кампаніі і заводы. На іх працуе звыш шасці тысяч чалавек. І нават у эканамічна складаныя часы дзяржава будзе рабіць усё, каб не толькі захаваць наяўныя рабочыя месцы, але і ствараць новыя. Планка на гэты год - 50 000 вакансій ва ўсіх сферах.

"Амкадор" - кампанія прыватная. Але эканамічныя інтарэсы холдынга сугучныя той палітыцы, якую праводзіць дзяржава. За апошнія пяць гадоў аб'яднанне інвеставала каля 115 мільёнаў долараў у набыццё актываў у Беларусі.

Звыш 60 працэнтаў дэталяў, вузлоў і агрэгатаў для машын "Амкадор" выпускаецца на прадпрыемствах самога холдынга. У тым ліку і гідраўліка, якую раней прыходзілася імпартаваць. Усяго ўжо засвоена вытворчасць звыш 14 000 найменняў камплектуючых.

Сёння на завод прыехалі і народныя эксперты - спецыялісты, якія кожны дзень працуюць на гэтай тэхніцы. Менавіта іх водзывы і каментарыі збіраюць канструктары, якія працуюць над удасканаленнем мадэляў.

Амаль дзве гадзіны Прэзідэнт сёння вывучаў мадэльны рад канцэрна, гутарыў з прамыслоўцамі. Вытворчасць складанай тэхнікі ў Беларусі мае багатыя традыцыі. "Амкадор" у наступным годзе адзначыць сваё дзевяностагоддзе. А вось такія прадпрыемствы, як гэты пінскі філіял, - гэта і ёсць будучыня айчыннага машынабудавання.

Прэзідэнт паабяцаў неўзабаве вярнуцца ў Брэсцкую вобласць. У гэтым паўднёвым рэгіёне краіны ёсць яшчэ шмат прадпрыемстваў і кампаній, вопыт якіх можа быць карысны ўсёй краіне.