Стратэгічныя партнёры - Беларусь і Кітай - абмяркоўвалі новыя маштабныя праекты

20 июля 2016

Стратэгічныя партнёры - Беларусь і Кітай - сёння абмяркоўвалі новыя маштабныя праекты - ад будаўніцтва заводаў па вытворчасці тэхнікі да стварэння сумеснага інвестфонду. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком адной з найбуйнейшых кітайскіх карпарацый - CITIC Group. Зараз гэтая кампанія рэалізуе праекты ў сваёй краіне і за мяжой на агульную суму каля 40 мільярдаў долараў. На перамовах з кітайскім топ-менеджарам Аляксандр Лукашэнка выказаў гатовасць абмеркаваць дэталі далейшага супрацоўніцтва. У Беларусі CITIC Group пабудавала пад ключ тры цэментавыя заводы, сёння ўзводзіць прадпрыемства па выпуску легкавых аўтамабіляў. Кітайскія спецыялісты таксама ўдзельнічаюць у мадэрнізацыі Аршанскага ільнокамбіната. Але галоўнае - спектр патэнцыяльных пунктаў судакранання неверагодна шырокі. З падрабязнасцямі Аляксей Адашкін.

Вось так, з усходнім каларытам, пачынаецца ў Мінску будаўніцтва беларуска-кітайскага комплексу. На захадзе сталіцы вырасце шматфункцыянальны дзелавы квартал. Тут будзе і гасцініца, і офісы, і тэнісны цэнтр. Прамыя кітайскія інвестыцыі ў праект - 120 мільёнаў долараў.

Інвестар з Паднябеснай - карпарацыя CITIC Group, адна з найбуйнейшых у сваёй краіне.

Зараз гэтая кампанія рэалізуе ў сябе на радзіме і за мяжой праектаў на агульную суму 40 мільярдаў долараў. Менавіта CITIC Group будавала алімпійскі стадыён "Птушынае гняздо" ў Пекіне, які зараз з'яўляецца візітнай карткай гэтага канцэрна. Першы кіраўнік гэтай кампаніі - Жун Іжэнь - у 1993 заняў пасаду намесніка Старшыні КНР. Гэта гаворыць пра тую ролю, якую CITIC Group іграе ў эканоміцы Паднябеснай.

Сёння ў Палацы Незалежнасці кіраўнік гэтай карпарацыі і адзін з самых уплывовых бізнесменаў Кітая - Ван Цзюн. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на пратакольны характар сустрэчы, прапанаваў госцю абмеркаваць пэўныя дэталі супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы выказаў гатовасць без прамаруджанняў вырашыць любыя пытанні, якія могуць затрымліваць рэалізацыю сумесных праектаў.

З 2013 года паміж Мінскам і Пекінам устанавілася ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. На Усходзе асаблівае стаўленне да такіх дыпламатычных азначэнняў. Падтрымліваць высокі ўзровень адносін дапамагаюць частыя кантакты лідараў дзвюх краін. Сёлета Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін сустракаліся ўсяго месяц таму на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Летась Старшыня КНР на некалькі дзён прылятаў у Мінск з афіцыйным візітам.

Пекін у 2015 наведаў і Аляксандр Лукашэнка.

Як вынік - расце і сумесная эканоміка. Узаемны тавараабарот перавышае адзнаку на тры мільярды трыста мільёнаў долараў. Пасля камандзіроўкі кіраўніка CITIC Group у Беларусь гэтая лічба, напэўна, вырасце. Кітайская карпарацыя пабудавала ў нашай краіне пад ключ тры цэментавыя заводы і зараз працуе над серыяй іншых праектаў.

Беларуска-кітайскія праекты павінны ў выніку даваць прадукты з высокай дададзенай вартасцю. Пры гэтым неабходна ўжываць самыя высокія тэхналогіі вытворчасці. Гэта сёння на сустрэчы з топ-менеджарам з Паднябеснай асабліва падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. CITIC Group разглядае Беларусь як своеасаблівы плацдарм для будучага развіцця свайго бізнесу ў Еўропе.

Ван Цзюн, прэзідэнт карпарацыі CITIC Group: "На мой погляд, у нашай кампаніі і беларускіх партнёраў з цягам часу адкрываюцца ўсё новыя і новыя кірункі для пашырэння супрацоўніцтва. Існуюць вельмі добрыя магчымасці для нашага бізнесу ў Беларусі. У тым ліку магу адзначыць вашу перавагу ў дзяржаўнай падтрымцы, у высокім узроўні падрыхтоўкі персаналу, у сабекошце вытворчасці і гэтак далей".

За час візіту ў Мінск Ван Цзюн дамовіўся аб будаўніцтве ў Беларусі некалькіх новых прадпрыемстваў. У Калодзішчах і Наваполацку з'явяцца заводы па выпуску спецтэхнікі і трактароў. Акрамя таго, кітайская карпарацыя плануе арганізаваць разам з беларускімі партнёрамі і сельскагаспадарчы холдынг.

І амаль як сенсацыя, прагучалі дамоўленасці аб стварэнні першага беларуска-кітайскага інвестфонду. Пачатковы капітал - 50 мільёнаў долараў. Гэта спросціць фінансаванне сумесных праектаў.

А вось так выглядае тая будаўнічая пляцоўка, якую па шляху з аэрапорта паспяшаўся наведаць прэзідэнт кітайскай карпарацыі.

Найбуйнейшы з дзеючых праектаў CITIC Group у нашай краіне - гэта будаўніцтва новага завода па выпуску беларуска-кітайскіх аўтамабіляў. Тут плануецца збіраць на пачатковым этапе 60 000 машын за год. Але галоўнае, што тут будзе працаўладкавана больш за тысячу айчынных спецыялістаў. А большая частка вырабленых аўтамабіляў паедзе на экспарт.

З канвеера будуць схадзіць мадэлі наступнага пакалення. У тым ліку і бізнес-седаны павышанай камфортнасці. Гэта як сімвалічнае адлюстраванне беларуска-кітайскіх адносін. Супрацоўніцтва паміж краінамі таксама развіваецца ад простых форм да больш складаных і грашовых.