Стаўка на перспектыўных кіраўнікоў унутры краіны. Прэзідэнт прыняў кадравыя рашэнні

12 сентября 2019

Эканоміка ўваходзіць і ў зону адказнасці кіраўнікоў райвыканкамаў. Але на другі план  не павінны адсоўвацца праблемы людзей у рэгіёнах. 

Гэта штораз нагадвае Кіраўнік дзяржавы. Так было і сёння  пры ўзгадненні кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ў Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. І канкрэтныя задачы прагучалі для топу-менеджменту двух заводаў - "Планара" і "Гомельшкло". Але прыслухацца  трэба ўсім. Працаваць эфектыўна і без пасрэднікаў. 

Падрабязнасці  даведаемся  ў нашага аглядальніка  Наталлі Брэвус. 

Сумоўе заўсёды прымушае пахвалявацца. А як усё адбываецца, калі яго праводзіць асабіста Прэзідэнт? Вельмі цікава паглядзець на адваротны бок такога афіцыйнага моманту.

Шчыра кажучы, не раз  даводзілася назіраць, як  нават публічныя і ўпэўненыя ў сабе людзі хвалююцца і да, і пасля сустрэчы ў Кіраўніка дзяржавы. Гэта  і зразумела, бо ў такі момант асабліва выразна адчуваецца, што на цябе кладзецца сур'ёзны груз адказнасці – усё-такі размова аб дзяржаўных людзях. Але не толькі ён, яшчэ гэта заўсёды і вялікі крэдыт даверу ад Кіраўніка дзяржавы. 

Прэзідэнт не раз гаварыў, што на стол кладзецца  папка, дзе ёсць некалькі прэтэндэнтаў на новую працу. Але пры прыняцці кадравых рашэнняў  вагі  заўсёды схіляюцца  на карысць прафесіяналаў сваёй  справы. Новае пакаленне кіраўнікоў сёння ўжо зусім іншае. Гэта адчуваецца нават падчас нашых з імі бліц-інтэрв'ю. Гэтая думка гучала і ў Прэзідэнта сёння. Дарэчы, Кіраўнік дзяржавы заўсёды выразна расстаўляе акцэнты для паслоў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, кіраўнікоў райвыканкамаў. Так было і  на гэты раз. У маім сюжэце - галоўнае.

Цікавы момант: кадравы чацвер (і гэта ўжо традыцыя)  пачынаецца размовай з мясцовай вертыкаллю. Не выпадкова, бо ўсё жыццё  там, у рэгіёнах. А кіраўнік раёна (кім бы па прафесіі не быў)  адказвае за ўсе сферы - ад сельскай гаспадаркі да працы прадпрыемстваў і нават  за настрой людзей. Таму перш за ўсё Прэзідэнт звяртаецца да зямных пытанняў. "Зазямляе" і новых кіраўнікоў. 

Парламенцкая кампанія ў разгары. І тут Прэзідэнт верны сабе і зноў гаворыць: давайце пройдзем гэты этап спакойна. 

Узгадненне ў Кіраўніка дзяржавы прайшлі старшыні райвыканкамаў адразу трох абласцей. Новыя кіраўнікі ў Буда-Кашалёве, Лельчыцах, Лідзе, Шчучыне і Салігорску. Менавіта ў Салігорск з Мінска пераязджае Андрэй Жайловіч. Працаваць на чале раёна не  ва ўсіх папярэдніх кіраўнікоў атрымлівалася ўдала - сыходзілі са скандалам. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ручаецца за  Андрэя Жайловіча. 

Дзякуючы калійнаму камбінату  пра Салігорск ведаюць ва ўсім свеце. Гэты прамысловы гігант робіць эканоміку раёна, вобласці, (ды што там казаць!) краіны. Зрэшты, што ў Мінску, адкуль прыйшоў малады кіраўнік, што ў Салігорску  галоўны нахіл павінен быць у бок людзей. 

У рэгіёнах, як і ў дыпламатычным корпусе, адбываецца не проста ратацыя. Прыкметнае сур'ёзнае амаладжэнне кадраў. Стаўка на энергічных і перспектыўных менеджараў сябе апраўдвае. Прэзідэнт не проста "тасуе калоду". Фарміруючы аб новае пакаленне кіраўнікоў,  Прэзідэнт глядзіць у будучыню краіны. 

Уладзімір Макей пацвярджае:  у МЗС сёння ўдалося сабраць працаздольную каманду аднадумцаў і дзяржаўных людзей. Менавіта такія едуць працаваць адразу на некалькі кантынентаў - пул нашых дыпламатаў за мяжой прыкметна абнавіўся. Так, Прэзідэнт прызначыў Сяргея Цярэнцьева паслом Беларусі ў Егіпце. Прадстаўляць інтарэсы краіны ў Ізраілі будзе Яўген Вараб'ёў. Кіраўнік беларускай дыпмісіі ў Эквадоры зараз  Мікалай Аўсянка. Аляксандр Лукашэнка прызначыў Вячаслава Бяскостага Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Туркменістане, а Віктара Рыбака - у Турцыі. Ён змяняе на гэтай пасадзе Андрэя Савіных, які вырашыў пазмагацца за дэпутацкі мандат. 

Што да Турцыі, то зачын быў зроблены нядрэнны. За апошнія гады тры Мінск і Анкара прайшлі інтэнсіў у двухбаковых адносінах. Прэзідэнты абмяняліся візітамі. Гэта значыць палітычная воля ёсць,  таму сваёй задачай новы пасол бачыць знайсці баланс у гандлі. У нас працуе пад паўтары сотні турэцкіх кампаній. Беларускія нафтавікі і прамыслоўцы толькі адкрываюць для сябе гэты рынак. Нашых кампаній на берагах Басфора павінна быць больш. 

Новым паслам пашанцавала. Пачынаць  даводзіцца не з чыстага ліста. Як і ў выпадку з Турцыяй, лідары  вельмі дапамагаюць дыпламатам прасоўваць інтарэсы краіны, напрыклад, на Афрыканскім кантыненце. Калі  два месяцы таму прэзідэнт Егіпта быў у нас з візітам, Сяргей Цярэнцьеў,  вядома, сачыў за перамовамі. Тады дамовіліся  больш актыўна ствараць сумесныя вытворчасці - МАЗаў, пагрузчыкаў і трактароў. Ёсць ідэя  разгарнуць турыстычны  паток і ў наш бок. Беларускія лясы для егіпцян такая ж экзотыка, як для беларусаў пустыня. Наш вопыт у АПК і падрыхтоўцы кадраў дарэчы на Афрыканскім кантыненце. 

Не расслабляцца - прыкладна такі настрой і ў новага пасла Беларусі ў Ізраілі. Там, дарэчы,  пражывае сёння (толькі  згодна з  афіцыйнымі падлікамі) пад 130 тысяч выхадцаў з нашай краіны. 

Вячаслаў Бяскосты, які паедзе ў Ашхабад,  раней працаваў у Нігерыі. Пачынаў там у цяжкі час, так што ёсць вопыт, які будзе дарэчы ў Туркменістане. 

Лыжкай дзёгцю ў беларуска-туркменскім дыялогу сталі праблемы з Гарлыкскім калійным камбінатам. 

Змяненні  і ў топ-менеджменце двух прадпрыемстваў. Так, на пазіцыю гендырэктара "Планара" ўзгоднены Прэзідэнтам Сяргей Авакаў. Гэта холдынг, пад дахам якога  пяць прадпрыемстваў і больш за тысячу чалавек. Дзейнічаюць тры канструктарскія бюро. Спектр прадукцыі шырокі - ад мікраэлектронікі і оптыкі, лазернага абсталявання да выпуску клапанаў сэрца. Адна з установак прадпрыемства летась прызнана лепшай у свеце - абагналі і амерыканцаў, і японцаў. Холдынг працуе стабільна, такой жа стабільнай працы Прэзідэнт чакае і ад гомельскага завода, кіраўніком якога стаў Пётр Максімчыкаў. Для яго гэтае павышэнне з пазіцыі намесніка. 

Сітуацыя на прадпрыемстве была такой, што дзяржаве прыйшлося падставіць плячо і адтэрміноўку па крэдытах. Сёння  спраўляюцца. Перыяд мадэрнізацыі даўся няпроста, але без яе канкурыраваць на рынках было б проста нерэальна. Новыя лініі дазваляюць выпускаць сонцаахоўнае і энергазберагальнае шкло. 80 % ідзе на экспарт. Праца на біржы - адзін з  інструментаў продажаў. Гатовы замахнуцца на вытворчасць шкляной тары - адмова ад пластыку толькі на руку. Рэнтабельнасць радуе, але знешні рынак напружвае,  так што патрэбны асаблівы падыход. 

Эфектыўная праца, клопат аб калектыве, выпуск якаснай і запатрабаванай прадукцыі, праца без пасрэднікаў.  Моманты, якія прагучалі, важныя не толькі для "Планара" і  завода "Гомельшкло", яны з’яўляюцца кіраўніцтвам да дзеяння для ўсіх прадпрыемстваў рэальнага сектара.