Сталі вядомыя падрабязнасці будучага Паслання Прэзідэнта Беларусі да народа і парламента

23 апреля 2018

Прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант адзначыла, што мерапрыемства будзе мець пэўныя адметныя асаблівасці.

"Гэта будзе свайго роду актуалізацыя задач і тэм, якія на працягу мінулага года абмяркоўваліся падчас маштабных і знакавых мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта. Зараз галоўнае - акрэсліць кола глабальных задач на перспектыву з улікам ужо прынятых рашэнняў і канкрэтных даручэнняў", - падкрэсліла Наталля Эйсмант.

Напрыклад, так на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы абмяркоўвалі пытанні ў сферы сельскай гаспадаркі, ЖКГ, цэнаўтварэння, працы рэальнага сектара эканомікі, прасоўвання экспарту, спорту, сацыяльнай і моладзевай палітыкі, а таксама ўжо прынятыя рашэнні ў частцы лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу і заахвочвання дзелавой ініцыятывы грамадзян, развіцця лічбавай эканомікі, навукі і адукацыі. Толькі з пачатку года і толькі падчас публічных мерапрыемстваў эканамічную тэматыку закранулі каля паўсотні разоў.

Нагадаем, заўтра Прэзідэнт Беларусі звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Традыцыйна на мерапрыемства ў Авальную залу запрошаны вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, найбуйнейшых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, банкаў, прадстаўнікі дыпкорпуса, сродкаў масавай інфармацыі. Выступленне Кіраўніка дзяржавы будзе ісці ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама па Першым канале Беларускага радыё. Трансляцыя пачнецца ў 10:30. Тэлеверсію Паслання глядзіце заўтра ў вячэрнім эфіры беларускіх тэлеканалаў.