Адразу два саміты прайшлі сёння ў Казахстане

16 октября 2015

Безумоўна, цэнтральнай падзеяй гэтага дня сталі перамовы ў Казахстане, у маляўнічым пасёлку Бурабай. Там прайшлі адразу два саміты - пасяджэнне лідараў СНД, а таксама Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Ужо аднаго гэтага дастаткова, каб зразумець, якім насычаным атрымаўся дзень для кіраўнікоў дзяржаў. Дарэчы, пачалі прэзідэнты з таго, што Нурсултан Назарбаеў ад імя сваіх калегаў па СНД павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах. Не абышоў гэтай тэмы і Уладзімір Пуцін падчас двухбаковай сустрэчы. А далей, уласна, інтэграцыйныя пытанні. Прычым, на парадку было ўсё: ад рэгіянальнай эканомікі, якая патрабуе сёння асаблівай увагі, да глабальнай бяспекі. І тут тэмы Украіны і Сірыі гучалі далёка не проста фонам. Дарэчы, ніхто з Кіева на сустрэчу ў Казахстан так і не прыехаў. Такім чынам, дзень самітаў. З Бурабая рэпартаж Сяргея Хамянтоўскага.

Калісьці гэтае месца лічылася раем выключна для турыстаў, але затым тут вырашылі правесці адну міжнародную сустрэчу, потым другую, трэцюю, і вось ужо курорт Бурабай стаў цалкам сабе палітычным.

Яўка прэзідэнтаў краін Садружнасці амаль поўная. Не прыехаў Пётр Парашэнка. Украіна даўно не ўдзельнічае ў палітычных мерапрыемствах СНД, але і выходзіць з аб'яднання не жадае. Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці застаўся ў Кішынёве з-за неадкладных спраў. А прэзідэнт Туркменістана традыцыйна ў падобнага фармату сустрэчах амаль не ўдзельнічае.

Сустрэчы ў Бурабаі пачаліся з прыемнага моманту. Нурсултан Назарбаеў на правах гаспадара ад імя калегаў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.

Гэта, дарэчы, першы замежны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы пасля перамогі на выбарах у мінулую нядзелю. Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Казахстан, каб яшчэ раз пацвердзіць: постсавецкая Садружнасць з'яўляецца адным з прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі.

Сустрэча лідараў праходзіць у няпростай абстаноўцы: гэта і расійская спецаперацыя ў Сірыі супраць ІГІЛ, і спробы прасоўвання ісламскага тэрарызму ў кірунку Сярэдняй Азіі. Не патушаны пажар на паўднёвым усходзе Украіны, цьмее канфлікт у Нагорным Карабаху. У нейкай меры сустрэча ў Бурабаі - гэта мэтавы саміт, лічыць Аляксандр Лукашэнка, задача - не дапусціць абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне.

На парадку дня прэзідэнтаў 17 пытанняў. У іх ліку дакументы, прысвечаныя 70-годдзю стварэння ААН і 30-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Эксперты чакалі ад саміту важных рашэнняў па частцы бяспекі. Прэзідэнты не падвялі і ў прысутнасці прэсы падпісалі Канцэпцыю ваеннага супрацоўніцтва СНД да 2020 года. У наступным годзе СНД - 25. На думку беларускага лідара, гэта добрая падстава ацаніць сучаснае становішча спраў.

У Бурабаі Нурсултан Назарбаеў перадаў стырно старшынства ў СНД кыргызскаму прэзідэнту. За год паспяховага старшынства і асабісты ўклад у развіццё беларуска-казахстанскага стратэгічнага супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка ўручыў Нурсултану Назарбаеву ордэн Дружбы народаў.

На палях самітаў у Бурабаі Кіраўнік дзяржавы правёў шэраг сустрэч са сваімі калегамі. На перамовах з Уладзімірам Пуціным гаварылі больш аб эканоміцы. Летась узаемны тавараабарот перавысіў 32 мільярды долараў, па аб'ектыўных прычынах знізіўшыся на пяць з паловай працэнтаў. Па актуальных пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва лідары абяцалі вызначыцца ў найбліжэйшы час.

Абмеркаваўшы актуальныя пытанні двухбаковага парадку, прэзідэнты адправіліся за агульны стол Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Станаўленне Еўразійскага эканамічнага саюза адбываецца ў няпросты час. Турбулентнасць у сусветнай эканоміцы нарастае. Трэба больш эфектыўна выкарыстоўваць інтэграцыйны патэнцыял, лічыць Беларусь і прапаноўвае прамысловую сферу зрабіць падмуркам Саюза. Яшчэ адзін важны кірунак - імпартазамяшчэнне.

Улетку ў Бурабаі адбылася сапраўды важная падзея нават не кантынентальнага, а сусветнага маштабу. В'етнам стаў першай дзяржавай, якая падпісала з альянсам Масквы, Мінска, Астаны, Ерэвана і Бішкека пагадненне аб зоне свабоднага гандлю.

Наогул, Бурабай - азартнае месца. Тут знаходзіцца самае раскошнае ў Цэнтральнай Азіі казіно. І вось тут як раз і можна рабіць стаўкі: хто стане наступным партнёрам Еўразійскага эканамічнага саюза. У перспектывах - дамовы аб зоне свабоднага гандлю з сарака краінамі. Кансультацыі на гэты конт ужо запушчаныя.

Першы год старшынства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе стаў неверагодна эфектыўным. Так краіны ЕАЭС вядуць перамовы аб фарміраванні зоны свабоднага гандлю з Ізраілем, Індыяй, Егіптам і Іранам. У планах - паглыбленне супрацоўніцтва з Кітаем, у тым ліку, спалучэнне альянса з ініцыятывай эканамічнага пояса "Шаўковага шляху".

У Казахстане альянс Масквы, Мінска, Астаны, Ерэвана і Бішкека прыняў асноўныя кірункі развіцця да 2030 года, а таксама даў старт падрыхтоўцы адзінай сістэмы ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці.

Эксперты запісваюць гэтае рашэнне ў актыў старшынства Беларусі. Яго рэалізацыя спросціць парадак мытнага рэгулявання ў эканамічным саюзе. Наступны раз прэзідэнты збяруцца ў снежні на пераднавагоднім саміце ў Маскве.