Попыт на высокадакладную зброю ў свеце расце

12 ноября 2018

Аб выніках працы і развіцця ваенна-прамысловага комплексу размова ішла сёння на сустрэчы Прэзідэнта са старшынёй Дзяржкамваенпрама. Раман Галоўчанка ўзначаліў камітэт у канцы жніўня. Прыйшоў час для грунтоўнага даклада. У Беларусі захавалі вытворчую базу і моцныя навуковыя школы, якія дазваляюць ствараць сучаснае ўзбраенне для абароны. На жаль, попыт на высокадакладную зброю ў свеце расце. Беларусь вырабляе абаронныя сістэмы, якія з'яўляюцца сур'ёзным фактарам стрымлівання ў цяперашнім няпростым становішчы на планеце. У цэлым прадпрыемствы беларускага ВПК працуюць эфектыўна. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу не змяншаць тэмп і ўдвая палепшыць фінансавыя паказчыкі.

Аляксандр Лукашэнка ставіць перад беларускай абароннай прамысловасцю задачы аператыўна знаходзіць і развіваць новыя кірункі. Магчымасці па стварэнні перспектыўнага ўзбраення былі прадэманстраваныя Кіраўніку дзяржавы ў пачатку кастрычніка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне. Беларуская армія сёння аснашчаецца па лепшых сусветных стандартах. Намаганні распрацоўшчыкаў будуць сканцэнтраваныя на далейшым развіцці ракетабудавання.

Рэактыўная сістэма залпавага агню новага пакалення "Паланэз" фактычна з'яўляецца першай закончанай распрацоўкай беларускіх навукоўцаў. Яе будуць і далей удасканальваць. Сярод прыярытэтаў і стварэнне лінейкі ўдарных беспілотных авіяцыйных комплексаў розных тыпаў. Яны могуць калі не замяніць пілатуемую авіяцыю, то істотна ўзмацніць авіяцыйную групоўку. Гэты сегмент лічыцца прарыўным. Добра абсталяваныя Узброеныя сілы - гэта магчымасць хутка і адэкватна адказваць на пагрозы, што ўзнікаюць, і зарука стабільнасці. Тэмп жыцця і хуткасць развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу ўплывае на тэрміны распрацоўкі і пастаноўкі на ўзбраенне ўзораў тэхнікі - яны рэзка скарачаюцца. Калі раней складаныя сістэмы маглі распрацоўвацца дзесяцігоддзямі, то зараз такога часавага запасу няма. Патрэбны вельмі вывераныя падыходы ў абаронным сектары.

Важны паказчык эфектыўнасці Дзяржкамваенпрама - экспарт. Тут штогадовы рост: пачынаючы з 2004 года, пастаўкі прадукцыі ваенпрама за мяжу павялічыліся амаль у 7 разоў. Сёння экспарт узбраення ўжо больш за мільярд долараў. У свой час беларускі Прэзідэнт прыняў прынцыповае рашэнне - не даць загубіць гэты сектар эканомікі і важную частку нацыянальнай абароны. Менавіта па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі быў створаны дзяржкамітэт, які праводзіць адзіную палітыку ў галіне абароны і ваенна-тэхнічнай сферы. Сёння ён рыхтуецца адзначыць сваё 15-годдзе.