Справядлівасць - не толькі фундамент правасуддзя, але і аснова дзяржаўнай сістэмы Беларусі

25 февраля 2019

Справядлівасць правасуддзя, праца праваахоўнай сістэмы і амністыя да 75-годдзя вызвалення Беларусі. Гэтыя тэмы сёння гучалі падчас сустрэчы Прэзідэнта са старшынёй Вярхоўнага суда нашай краіны.

Галоўны акцэнт беларускага лідара - на справядлівасць. Бо сёння гэта не толькі фундамент функцыянавання правасуддзя, але і аснова ўсёй дзяржаўнай сістэмы. Парушэнне закона недапушчальна, нагадаў Прэзідэнт.

У найбліжэйшы час чакаецца маштабная нарада з сілавым блокам, таму Аляксандр Лукашэнка цікавіўся меркаваннем Валянціна Сукалы аб працы праваахоўнікаў.

Такую сустрэчу Прэзідэнта з прадстаўнікамі судзейскага корпуса плануюць арганізаваць падчас адкрыцця новага будынка Вярхоўнага суда, які знаходзіцца насупраць Палаца Незалежнасці. Як распавёў журналістам Валянцін Сукала, размова абяцае быць шчырай: на сустрэчу збярэцца больш за 300 удзельнікаў. Сёння старшыня Вярхоўнага суда таксама паведаміў аб маючай адбыцца амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі. Распрацаваць законапраект даручыў Прэзідэнт.

Адкрыццё новага будынка Вярхоўнага суда Беларусі запланавана на пачатак красавіка. Зараз ідзе апрабацыя камп'ютарных сістэм і апаратна-праграмнага комплексу. Новы будынак цалкам адпавядае сучасным патрабаванням, залы абсталяваны магчымасцю відэа- і аўдыязапісу. Абрысы вонкавага аблічча, на думку архітэктараў, нагадваюць вагі Феміды - багіні правасуддзя.