Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі павінна выступаць як моцная платформа

26 февраля 2016

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі павінна выступаць як моцная платформа для развіцця ўсяго спектра ўзаемнага супрацоўніцтва, а таксама аказаць дзейсную падтрымку станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета. Галоўная палітычная падзея тыдня прайшла з удзелам лідараў Беларусі і Расіі. На парадку сустрэчы - больш за дзясятак пытанняў. І беларуская, і расійская эканомікі зараз перажываюць няпростыя часы. Летась узаемны тавараабарот істотна прасеў - склаў менш як 30 мільярдаў долараў. Лідары дзвюх краін абмеркавалі канкрэтны план сумесных дзеянняў па вяртанні ранейшага ўзроўню эканамічнага ўзаемадзеяння. Увага на ВДС была нададзена пытанням міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёлетні саміт яшчэ раз пацвердзіў выключную значнасць саюзнага парадку дня.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зацвердзілі пакет з 13 дакументаў. Яны датычацца ў прыватнасці вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін летась, а таксама планаў на гэты год. Адна з галоўных тэм абмеркавання - зацвярджэнне саюзнага бюджэту. 6 мільярдаў 600 мільёнаў расійскіх рублёў або прыкладна 86 мільёнаў долараў ЗША. Менавіта столькі мяркуецца залічыць у казну інтэграцыйнага ўтварэння сёлета. Значная частка сумы пойдзе на фінансаванне 7 праграм Саюзнай дзяржавы.