Нарада ў Кіраўніка дзяржавы па пытяннях развіцця Узброеных Сіл Беларусі

20 августа 2013

Наша армія, першым чынам, - інструмент недапушчэння вайны. Прэзідэнт падкрэсліў, што, улічваючы абстаноўку ў свеце, Узброеныя Сілы Беларусі павінны быць гатовыя да новых выклікаў 21 стагоддзя. Размова не ідзе аб пагрозах у сваім рэгіёне. Да гэтага ці наўрад дойдзе. Але два апошнія тыдні мы пастаянна гаворым пра неспакойны Егіпет. І нельга не заўважыць, што ўсё часцей размова на сусветнай арэне вядзецца з пазіцыі сілы. Не дапусціць такую магчымасць у адносінах да Беларусі, абараніць суверэнітэт і незалежнасць - задача першарадная. У гэтым святле гаварылі сёння ў Кіраўніка дзяржавы пра аптымізацыю структуры Узброеных Сіл, скарачэнне колькасці, павышэнне фінансавага боку і сацыяльнай абароны, а таксама - пра сумесныя праекты з Расіяй. Рэпартаж Сяргея Гусачэнкі.



Развіццё Узброеных Сіл - пытанне стратэгічнае для кожнай дзяржавы. Гэта пацвярджае і развіццё падзей на міжнародны арэне, дзе які год запар не сціхаюць канфлікты і ў разрад гарачых пунктаў трапляюць усё новыя рэгіёны. Інструмент вырашэння спрэчак усё часцей не толькі стол перамоў, як таго патрабуе нармальная дыпламатыя, а, на жаль, сродкі ўзброенай барацьбы. Цалкам лагічна, што мадэрнізацыі і аптымізацыі арміі пільную ўвагу ўдзяляе і Беларусь. Зрэшты, тут мэта ўжо зусім іншая - не дапусціць нічога падобнага на сваёй тэрыторыі.


У Белай зале - прадстаўнікі ўсіх сілавых ведамстваў. Гутарка планавалася загадзя, да абмеркавання падрыхтаваны шэраг канкрэтных пытанняў. На думку Прэзідэнта, беларуская армія павінна быць адэкватнай новым выклікам і пагрозам XXI стагоддзя. Неабходна прааналізаваць стан Узброеных Сіл, наяўныя праблемы і вызначыць шляхі іх вырашэння. Армія павінна быць гатовая да абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.


Сродкі, якія плануецца ўкласці ў развіццё Узброеных Сіл, павінны адпавядаць рэаліям сённяшняга дня. А далейшыя крокі па развіцці арміі быць усебакова ўзважанымі і пралічанымі. Дэталёва прапрацаваць пытанні фінансавага забеспячэння даручана ўраду, адзін з напрамкаў - абарона паветраных межаў. Выдаткі на авіяцыю і СПА будуць павялічаныя. Таксама сярод даручэнняў - працяг працы па скарачэнні колькасці Узброеных Сіл.


Разам з тым асаблівая ўвага - сацыяльнай абароне афіцэрскага складу. Тут і грашовае забеспячэнне, і будаўніцтва жылля, і прывядзенне ў парадак ваенных гарадкоў і іншых аб'ектаў інфраструктуры.


Як і ў любой іншай сферы, тэхнічныя сродкі ў арміі патрабуюць абнаўлення. Што рабіць з лішкамі прадукцыі ваеннага прызначэння, якія не выкарыстоўваюцца? Утрыманне альбо ўтылізацыя - гэта дадатковыя выдаткі, якія кладуцца на бюджэт у цэлым і Мінабароны ў прыватнасці. Продаж - дадатковая крыніца фінансавання. Мэтазгоднасць рэалізацыі падтрымлівае і Кіраўнік дзяржавы, зрэшты, да працэсу патрабуе падысці па-гаспадарску і з улікам міжнародных абавязацельстваў.


На геапалітычнай карце галоўны саюзнік Беларусі - Расійская Федэрацыя. А таму і ваенна-тэхнічную сферу краіны развіваюць разам. Так, асноўнае мерапрыемства ў падрыхтоўцы войскаў - вучэнні Захад 2013. Буйнамаштабнае стратэгічнае дзейства пройдзе восенню гэтага года на тэрыторыі абедзвюх краін. Такую цесную інтэграцыю Аляксандр Лукашэнка просіць улічваць і пры ўдасканаленні ўсёй сістэмы нацыянальнай бяспекі Беларусі. У прыватнасці, Прэзідэнт даручыў пачаць практычную рэалізацыю дамоўленасцяў з Расіяй па авіяцыі і СПА.


Сённяшняя гутарка хоць і выйшла комплекснай, аднак рысу пад ёй ставіць рана. Да пытанняў абараназдольнасці дзяржавы на вышэйшым узроўні, відавочна, вернуцца не раз. Бо міжнароднае становішча падстаў для самазаспакаення не дае. Шэраг момантаў і задач, якія патрабуюць удакладнення на дадзены момант, Прэзідэнт даручыў дапрацаваць да канца года. Даклад аб гэтым Кіраўніку дзяржаве будзе пададзены ўжо ў персанальнай форме.