Нарада з удзелам Прэзідэнта аб развіцці летніх відаў спорту прайшла ў НАК

18 декабря 2018

Эфектыўнасць працы спартыўнай галіны і праблемы развіцця летніх відаў спорту напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. Пра гэта і не толькі сёння ішла размова на вялікай нарадзе з удзелам Кіраўніка дзяржавы ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. 

Развіццё спорту заўсёды было і застаецца нязменным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Галоўны паказчык у спорце вышэйшых дасягненняў - гэта вынікі, а яны сёння пакідаюць жадаць лепшага. Гэта не тая аддача, улічваючы ўзровень фінансавай падтрымкі. Да паспяховых відаў можна аднесці тэніс, скачкі на батуце, барацьбу. Радуюць і лёгкаатлеты. А такія традыцыйна моцныя для краіны віды спорту, як стральба, гімнастыка і плаванне, толькі зрэдку трапляюць на п'едэстал сусветных першынстваў. Патрабаванне Прэзідэнта - нязменна павінен быць вынік, толькі ў гэтым выпадку варта разлічваць на падтрымку. За 185 дзён да старту II Еўрапейскіх гульняў Кіраўнік дзяржавы праводзіць рэвізію праблемных пытанняў у галіне. 

13 медалёў беларусы заваявалі на Алімпіядзе ў Пекіне, у Лондане ў актыве нашых спартсменаў было 10 узнагарод, а ў Рыа-дэ-Жанэйра і таго менш - 9. Пры гэтым за апошнія 10 гадоў колькасць навучэнцаў у спецыялізаваных навучальна-спартыўных установах скарацілася на 6 тысяч чалавек, а колькасць штатных трэнераў-выкладчыкаў пры гэтым павялічылася на 674 чалавекі. Г.з. адбор атлетаў стаў больш якасным, як і іх падрыхтоўка. 

Але праблем яшчэ хапае. Падрыхтоўка спартсменаў, пошук перспектыўных кадраў і якасць падрыхтоўкі саміх трэнераў - гэта спіс прыярытэтных задач для краіны. 

Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў Кіраўнік дзяржавы даручыў ліквідаваць усе нявырашаныя пытанні вакол гэтага мультыспартыўнага форуму - ад інфраструктуры да нюансаў, звязаных з лагістыкай. Для Беларусі гэта праект іміджавы. Бо па якасці арганізацыі такіх маштабных форумаў мяркуюць у цэлым аб краінах. Не менш важны і спартыўны вынік. На хатніх арэнах ад нашых атлетаў балельшчыкі чакаюць перамог. Усяго на Гульні летам у Беларусь прыедуць 4 тысячы спартсменаў, каля 2 тысяч трэнераў і афіцыйных прадстаўнікоў дэлегацый. Чакаецца і прысутнасць кіраўнікоў дзяржаў, прэм'ер-міністраў і іншых высокіх гасцей. Асвятляць спартыўную падзею будуць больш за тысячу журналістаў. Для маштабнай спартыўнай падзеі задзейнічаюць звыш дзесяці аб'ектаў. А стадыён "Дынама" стане ключавой пляцоўкай. Там пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў.