Нарада на ўзроўні Прэзідэнта стала стымулам для эканамічнага блока

26 мая 2019

Пачнём нашу праграму з тэмы фінансаў. Бо мы тое, што мы прадаём на знешніх рынках. Для сусветнай эканомікі вобраз Беларусі фарміруюць экспартныя брэнды і геаграфія паставак. Аксіёма не новая, але актуальная як ніколі. У савецкі час ад Кубы да В'етнама наша аблічча па-за стваралі трактары, самазвалы, адукацыя і медыцына. Сёння да гэтага дадалі IT, харчаванне, нафтахімію, электратранспарт, будаўніцтва і складаную хірургію. 

Безумоўна, далёка не ўсё на знешніх рынках залежыць ад Беларусі. Напрыклад, нельга з Мінска спыніць гандлёвую вайну ЗША і Кітая. А яна пагражае новай сусветнай рэцэсіяй. І можа абысціся свету ў астранамічныя паўтрыльёна долараў - гэта толькі першы вал страт. Таксама наша краіна фізічна не можа прадухіліць перагрэву эканомік нашых гандлёвых партнёраў або цалкам застрахавацца ад санкцый, бар'ераў і эканамічных катастроф. 

А вось рашэнні з разраду тых, што мы можам зрабіць для падтрымкі экспарту, былі прынятыя на адыходзячым тыдні. Першае - эфектыўнасць кіравання і дысцыпліна. У панядзелак Кіраўнік дзяржавы сваім распараджэннем усклаў персанальную адказнасць за экспарт на прэм'ер-міністра Сяргея Румаса. Падаплёку рашэння можна знайсці ў статыстыцы за першы квартал. Краіна недалічылася чвэрці мільярда долараў у знешнім гандлі. Ужо ў сераду на пасяджэнні Саўміна ўрад засведчыў, што кампенсуе экспартны недабор па выніках паўгоддзя.

Дадатковым стымулам для эканамічнага блока стала нарада на ўзроўні Прэзідэнта ў аўторак. Падрабязна аналізаваліся павольнае дыверсіфікаванне экспарту, наступствы "атрутнай" нафты ў магістралі "Дружба" і нядобрасумленная барацьба за саюзныя прылаўкі харчавання. Менавіта гэта "трыа" сёння псуе зладжаны ансамбль беларускага знешняга гандлю. Прэзідэнт удакладніў партытуру. 

Галоўныя меры, што абавязаныя прымаць экспарцёры і ўрад, гэта аператыўнае абнаўленне сертыфікатаў, маніторынг якасці і сачэнне за харчаваннем ад сыравіны да прылаўка. Каб у ветсанітараў Расіі не было нават фармальных падстаў уводзіць санкцыі. Хоць у практыцы мінулых гандлёвых войнаў часам і падставы не шукалі. Хапала палітычнага або лабісцкага заказу тармазіць усё беларускае. 

Другі механізм, агучаны Прэзідэнтам, значна больш складаны і даражэйшы. Пашырэнне геаграфіі і наменклатуры паставак з выхадам на "залатое сячэнне экспарту" - тры роўныя трэці на розных рынках. Задача складаная ўдвая. Па-першае, нельга проста забраць, скажам, увесь аб'ём сыру з расійскага рынку і раскідаць яго па Азіі і Афрыцы. Трэба пакінуць за сабою і расійскія прылаўкі і, нарасціўшы вытворчасць, павялічыць экспарт у Еўрасаюз і далёкае замежжа. Па-другое, дыверсіфікаванне наменклатуры азначае: нельга ўтрымліваць той або іншы рынак бедным кошыкам экспарту, у якім, напрыклад, толькі грузавікі, толькі мясныя паўфабрыкаты або толькі дызельнае паліва. 

Разбярэмся - чаму нельга. Заўтра такі партнёр увядзе квоты, зробіць паблажкі свайму вытворцу або адбудзецца надзвычайнае здарэнне з сыравінай - як здарылася з нафтай. І мы страцім сотні мільёнаў долараў, што выдаткавалі на ўваходжанне і замацаванне на рынку, не гаворачы ўжо пра прамыя страты ў экспарце.