Сёння раніцай па ініцыятыве казахстанскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Казахстана. Касым-Жамарт Такаеў павіншаваў Кіраўніка беларускай дзяржавы з 75-годдзем Вялікай Перамогі і ад імя казахстанскага народа перадаў віншаванні беларусам, падкрэсліўшы, што паўтара мільёна жыхароў Казахстана былі ўдзельнікамі той вайны і палова з іх не вярнуліся дахаты. Свайго казахстанскага калегу з гэтым вялікім святам павіншаваў і Аляксандр Лукашэнка, перадаўшы самыя цёплыя віншаванні і пажаданні ўсім жыхарам Казахстана.
Яшчэ адной важнай тэмай размовы стала падрыхтоўка чарговага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі падыходы і пытанні, якія датычацца яго арганізацыі, у прыватнасці, час і форму правядзення пасяджэння, а таксама дакументы, якія павінны будуць прымацца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Кансультацыі па даных пытаннях працягнуцца, фармат і тэрміны, паводле дамоўленасцяў, будуць вызначаныя ў найбліжэйшы час.
Была закранута ў размове таксама тэма процідзеяння каранавіруснай інфекцыі. Як праінфармаваў Касым-Жамарт Такаеў, Казахстан змякчае каранцінныя меры і паступова здымае абмежаванні, уведзеныя раней у сувязі з распаўсюджаннем віруса. Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падрабязнай інфармацыяй, што датычыцца стратэгіі і тактыкі лячэння ад COVID-19 у дзвюх краінах. Касым-Жамарт Такаеў падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за дапамогу ў вяртанні на Радзіму жыхароў Казахстана, словы падзякі за аналагічнае садзейнічанне выказаў казахстанскаму калегу і Аляксандр Лукашэнка.
Таксама Прэзідэнт Беларусі папрасіў перадаць прывітанне, цёплыя пажаданні і віншаванне з 75-годдзем Перамогі ганароваму старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Нурсултану Назарбаеву.
Адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана
4 мая 2020













