Адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Зяленскім

31 июля 2019

Сёння адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў украінскага калегу з паспяховым правядзеннем палітычных кампаній, пажадаў поспехаў у фарміраванні органаў улады і ў цэлым у далейшай працы. 

Уладзімір Зяленскі яшчэ раз пацвердзіў запрашэнне, накіраванае раней у адрас Кіраўніка беларускай дзяржавы, наведаць Украіну падчас ІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Жытоміры. Аляксандр Лукашэнка запрашэнне прыняў і адзначыў, што як ініцыятар і суаўтар гэтага мерапрыемства бачыць яго высокую эфектыўнасць і карысць для эканомік. 

Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі падрабязна распавёў Прэзідэнту Беларусі пра сітуацыю ў Данбасе і падзякаваў за арганізацыю эфектыўнай перагаворнай пляцоўкі і ў цэлым за тую ролю, якую іграе Беларусь у справе ўрэгулявання гэтага канфлікту. Беларускі лідар засведчыў, што Мінск працягне і ў далейшым прыкладаць усе высілкі для ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне і Украіна заўсёды можа разлічваць на Беларусь як на краіну - прыхільніцу мірных ініцыятыў і працэсаў.

Асобным комплексам падчас размовы абмяркоўваліся пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння і гандлю, у прыватнасці, развіццё супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Тут прэзідэнты асаблівую ўвагу надалі ходу ўборачнай кампаніі ў Беларусі і Украіне. Яшчэ адной асобнай тэмай гутаркі стала ўзаемадзеянне і гарантаванне нацыянальнай бяспекі абедзвюх краін у энергетычнай сферы. 

Уладзімір Зяленскі павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з бліскучым правядзеннем ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ва Украіне сачылі і за ходам спаборніцтваў, і, безумоўна, за выступленнем сваіх спартсменаў. Аляксандр Лукашэнка ў адказ павіншаваў калегу з высокім вынікам украінскай зборнай. 

У фінале размовы наш лідар запрасіў Прэзідэнта Украіны наведаць Беларусь у любы час і ў любым фармаце. Уладзімір Зяленскі гэтае запрашэнне з задавальненнем прыняў.