Адбылася тэлефонная гутарка Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным

23 июля 2018

Сёння з ініцыятывы расійскага боку адбылася тэлефонная гутарка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі комплекс пытанняў двухбаковага парадку дня, зрабіўшы акцэнт на пашырэнні гандлёвага супрацоўніцтва. Бакі дамовіліся працягнуць узаемадзейнічаць у інтарэсах захавання пазітыўнай дынамікі супрацоўніцтва.

Уладзімір Пуцін запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў найбліжэйшы час наведаць Расію. Магчымая сустрэча двух лідараў можа адбыцца ў Сочы. Асобную ўвагу прэзідэнты надалі прасоўванню інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, рэалізацыі дасягнутых раней дамоўленасцяў паміж краінамі - членамі ЕАЭС, абмеркавалі таксама некалькі арганізацыйных пытанняў з улікам правядзення 27 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета.

Кіраўнікі дзяржаў разгледзелі і міжнародны парадак дня. У прыватнасці, падрабязна абмяркоўваліся расійска-амерыканскія адносіны, у тым ліку вынікі нядаўніх перамоў Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа ў Хельсінкі.

Расійскі лідар паведаміў Аляксандру Лукашэнку пра нюансы сустрэчы. Асноўная ўвага падчас гутаркі была нададзена пытанням кантролю над узбраеннямі і падаўжэнню дамовы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў паміж Расіяй і ЗША, тэрмін дзеяння якой мінае ў лютым 2021 года.