Адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі у Індыю

13 сентября 2017

Пад знакам вялікай палітыкі. Прэзідэнт Беларусі знаходзіўся з афіцыйным візітам у Індыі.

У Аляксандра Лукашэнкі быў насычаны візіт. Праграма вельмі шчыльная. Адны перамовы змяняліся іншымі. І на ўсіх сустрэчах адчувалася пэўнае і ўсебаковае жаданне паглыбляць супрацоўніцтва. Гасцініца "Ліла Пэлас" у цэнтры Дэлі ў панядзелак увечар і ўвесь аўторак стала часовай рэзідэнцыяй Кіраўніка беларускай дзяржавы. Гасцямі Прэзідэнта сталі міністр замежных спраў Індыі Сушма Сварадж і віцэ-прэзідэнт гэтай краіны Венкая Найду. Гэта стала своеасаблівай рэпетыцыяй вялікай і змястоўнай гутаркі ў прэм'ер-міністра Нарэндры Модзі і прэзідэнта Індыі Рама Натха Кавінда. Індыя - уплывовы глабальны гулец. Член Вялікай дваццаткі, а таксама Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і БРІКС. Падчас двухбаковых перамоў Аляксандр Лукашэнка і яго калега - прэзідэнт Індыі - абмеркавалі поўнамаштабнае ўзаемадзеянне і працу ў фармаце еўразійскай інтэграцыі. Яшчэ раз актуалізавалі пытанні двухбаковага і міжнароднага супрацоўніцтва.

Дасягнуты шэраг дамоўленасцяў падчас перамоў Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам паўднёваазіяцкай краіны Нарэндрам Модзі. Бакі абмеркавалі развіццё двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, палітычнай і навукова-тэхнічнай сферах. Парафіравана дамова паміж Беларуссю і Індыяй аб інвестыцыях. Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў усялякую падтрымку ў пытанні скарэйшага заключэння пагаднення аб свабодным гандлі Індыі з Еўразійскім эканамічным саюзам. Дамовіліся павялічыць пастаўкі калійных угнаенняў. Індыйскі рынак для беларускай калійнай кампаніі з'яўляецца стратэгічным. Мемарандум прадугледжвае пастаўку больш як 4 мільёнаў тон на працягу наступных шасці гадоў.

За чвэрць стагоддзя паміж Беларуссю і Індыяй тавараабарот амаль дасягнуў паўмільярда долараў. За 25 гадоў дыпламатыі атрымалася зрабіць вялікі рывок. Тым не менш час выходзіць на якасна новы ўзровень супрацоўніцтва. Асаблівую ролю ва ўмацаванні двухбаковых адносін сыграюць і міністэрствы замежных спраў.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Нарэндру Модзі наведаць Беларусь у найбліжэйшы час. Вырашана правесці пасяджэнне міжурадавай камісіі, якое стане этапам падрыхтоўкі візіту прэм'ер-міністра Індыі ў Беларусь.