Адбылося пасяджэнне калегіі Следчага камітэта

11 февраля 2016

Крытэрый ацэнкі працы праваахоўнікаў адзін - абарона парушаных правоў і інтарэсаў чалавека, грамадства і дзяржавы. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні калегіі Следчага камітэта. На ім прысутнічалі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўніцтва ведамства, абласных упраўленняў, начальнікі раённых і гарадскіх аддзелаў СК.

Яшчэ ў пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пасяджэнне калегіі павінна насіць менавіта рабочы і дыскусійны характар. Перад людзьмі ў пагонах Прэзідэнт паставіў шэсць ключавых задач. Следчаму камітэту трэба больш актыўна супрацоўнічаць з органамі дазнання, перш за ўсё унутраных спраў і фінансавых расследаванняў. Асноўныя намаганні - на спыненне злачынстваў у сферы эканамічнай бяспекі і карупцыі. За такія парушэнні ніякіх паслабленняў - гэта выразная пазіцыя дзяржавы. Без увагі нельга пакідаць і пытанні прафілактыкі правапарушэнняў. Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна падключацца да аналітычнай дзейнасці і вылучэння заканадаўчых ініцыятыў. Следчаму камітэту варта звярнуць увагу і на ўкараненне ў практыку новых метадаў расследавання злачынстваў. Актуальным застаецца і пытанне аптымізацыі. А вось галоўная ацэнка эфектыўнасці працы следчых - гэта стаўленне насельніцтва.

За мінулы год Следчы камітэт расследаваў больш за 54 тысячы крымінальных спраў. Пры гэтым раскрывальнасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў набліжаецца да 100 %. Па гэтым паказчыку Беларусь сярод еўрапейскіх лідараў. А вось гучная крымінальная справа гэтага тыдня. 11 саўдзельнікаў кралі дызельнае паліва з магістральнага нафтаправода "Полацк-Вентспілс". Зламыснікі ўрэзалі ў нафтаправод шланг, які вёў да сховішча гаручага, схаванага пад гаспадарчай пабудовай у адной з вёсак Віцебскай вобласці. Арганізаваў злачынны бізнес 44-гадовы жыхар Браслава. Паводле аператыўнай інфармацыі, такая схема пракручвалася з 2013 года.

Іван Наскевіч, старшыня Следчага камітэта Беларусі: "Дзякуючы карпатлівай і зладжанай працы супрацоўнікаў ГУБАЗіК МУС і СК выкрыта арганізаваная група асоб (11 чалавек), якая займалася крадзяжом дызельнага паліва шляхам незаконнай урэзкі ў магістральны нафтаправод "Полацк-Вентспілс", для чаго быў пракладзены рукаў даўжынёй каля 2 кіламетраў. Выкрадзена паліва на суму звыш 1 мільярда рублёў".

Удзел Прэзідэнта ў выніковых калегіях сілавых ведамстваў ужо стаў практыкай. Нагадаем, два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка ў такім фармаце меў зносіны з прадстаўнікамі МУС. Як і папярэдняя, гэтая рабочая дыскусія атрымалася адкрытай і дазволіла выявіць праблемы. На памяць аб сённяшняй сустрэчы і за пільную ўвагу да сферы - падарунак Кіраўніку дзяржавы: ганаровы знак Следчага камітэта. Падрабязнасці пасяджэння калегіі - вечарам у рамках інфармацыйнага канала "Панарама".