Захаванне працоўных калектываў і барацьба з неабгрунтаванымі скарачэннямі абмеркавалі ў Прэзідэнта

24 Кастрычніка 2016

Захаванне працоўных калектываў і барацьба з неабгрунтаванымі скарачэннямі сталі сёння галоўнымі тэмамі на сустрэчы Прэзідэнта з кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў Міхаілам Ордам. Сярод першачарговых пытанняў таксама годныя ўмовы працы і сацыяльныя гарантыі. Усяго арганізацыя аб'ядноўвае больш як 4 мільёны чалавек, гэта 95,3% эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. У яе склад уваходзяць 22 галіновыя прафсаюзы. Самыя прадстаўнічыя па колькасці - прафсаюзы работнікаў АПК, адукацыі, навукі і аховы здароўя.

Раз на 5 гадоў ФПБ вызначае стратэгію працы - дарожную карту. Так, па выніках сёмага з'езду з удзелам Прэзідэнта федэрацыя разгарнула кампанію па стварэнні новых прафарганізацый у прыватным сектары. На іх долю ўжо прыпадае 75% зноў створаных прафсаюзаў. Яшчэ адна ініцыятыва: рэарганізацыя галіновых і аб'яднанне роднасных прафсаюзаў.

Першым (шляхам зліцця работнікаў прамысловасці, аўта- і сельскагаспадарчага машынабудавання, металістаў) стаў прафсаюз "Белпрафмаш". Падобны сцэнарый "прафсаюзнай мадэрнізацыі" закране 11 галіновых прафрухаў.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Прэзідэнт вельмі падрабязна пацікавіўся тым, як адбываецца мадэрнізацыя прафсаюзаў, і выказаў сваё меркаванне наконт таго, што гэтая работа не можа спыняцца. Паколькі сёння ў нас аптымізуюцца ўсе галіны эканомікі, прафсаюзы не могуць быць убаку. Я праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў нас з пачатку года аб’ядналіся прафсаюзы транспарту, лясной гаспадаркі і біятэхналогій, аб’ядналіся прафсаюзы энергетыкі. Гэтая работа будзе працягвацца. Мы са свайго боку праінфармавалі Кіраўніка дзяржавы аб мотавелазаводзе, аб тым, як там складваецца сітуацыя на вытворчасці, у працоўным калектыве, якія ёсць цяжкасці, і выказалі свае прапановы па тым, як гэтая вытворчасць павінна працаваць і развівацца. Галоўны бясспрэчны момант - гэта брэнд, марка нашай краіны, і сёння гэты завод ні пры якіх акалічнасцях не можа быць згорнуты. Адноўлена будзе вытворчасць, паколькі сёння веласіпеды і іншая тэхніка неабходныя для нас саміх, і гэты завод павінен працаваць”.

Узбуйненне прафсаюзаў - гэта распаўсюджаная практыка ў многіх краінах. Так, у Расіі вядзецца работа па аб'яднанні сямі прамысловых прафсаюзаў.

У Германіі, дзе раней дзейнічалі 22, пасля рэарганізацыі нацыянальны прафцэнтр аб'ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Ідэнтычныя лічбы і ў нашага стратэгічнага партнёра - Кітая.

Акрамя таго, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе ўзмацніць абарону правоў працоўных. Маніторынг арганізацыі сёлета пацвярджае наяўнасць праблемы ўтоенага скарачэння.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Наймальнік спрабуе сэканоміць выключна за кошт супрацоўнікаў шляхам утоенага скарачэння або прымусу да звальнення. Гэта адбываецца шляхам непрадаўжэння кантракту, змянення ўмоў працы. Кіраўнік дзяржавы катэгарычна выказаўся супраць вырашэння праблемных пытанняў за кошт звальнення работнікаў. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што абарона правоў працоўных - галоўная задача і аснова сацыяльнай дзяржавы. Мы ўнеслі прапанову, каб павысіць прававую абарону тых, хто працуе па кантракце. Прафсаюзы прапануюць наступны механізм: калі ты адпрацаваў на кантракце год і да цябе няма ніякіх заўваг, з табой павінны прадоўжыць кантракт на максімальны тэрмін".

Ужо ў наступным годзе беларусы змогуць застрахаваць сябе ад беспрацоўя. Дадатковае страхаванне прадугледжвае штомесячныя адлічэнні як фізічнымі асобамі, каб засцерагчы сябе ад беспрацоўя, так і юрыдычнымі асобамі ў выпадку банкруцтва. Зараз ствараецца міжведамасная рабочая група, у якую ўвойдуць прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў, эканомікі, Федэрацыі прафсаюзаў, а таксама самі наймальнікі. Плануецца, што адлічэнні складуць менш чым 1% ад зарплаты. Грошы будуць назапашвацца ў дзяржфондзе, які будзе выплачваць дапамогі ў выпадку неабходнасці. Такая сістэма страхавання добра сябе зарэкамендавала ў Бельгіі, Нарвегіі, а таксама ў краінах Азіі.