Сабраць максімальны ўраджай і берагчы людзей. Ход уборачнай Прэзідэнт ацаніў на палях Мінскага раёна

1 августа 2018

Масавая ўборка па краіне паскараецца, на гэта мабілізаваныя ўсе сілы. На рахунку кожны дзень і кожнае зярнятка. Кантроль за правядзеннем палявых работ, вынік якіх уплывае на эканамічную і галоўнае - харчовую бяспеку, вядзецца на вышэйшым узроўні. Сёння Кіраўнік дзяржавы наведаў Мінскі раён, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай на палях 1-й Мінскай птушкафабрыкі. Тут аграрыі маюць намер завяршыць уборку ў найбліжэйшы час. У цэлым па краіне на раніцу сённяшняга дня ўбрана без малога 42 % збожжавых. Ужо сабрана 2 з паловай мільёны тон хлеба. Наперадзе па-ранейшаму поўдзень - у Брэсцкай вобласці засталося ўбраць чвэрць палёў. На другое месца выйшаў сталічны рэгіён. Захаванасць ураджаю - пытанне стратэгічна важнае. Занадта спякотнае і на рэдкасць сухое лета прывяло да крытычных неўраджаяў на Еўразійскім кантыненце. Умовы надвор’я паўплывалі і на беларускі каравай. Зрэшты, як чакаецца, і такі аб'ём плюс дзяржаўны рэзерв змогуць цалкам пакрыць патрэбы насельніцтва і патрэбнасці жывёлагадоўлі і аграперапрацоўкі. Карціна сённяшняга жніва - у рэпартажы Ілоны Красуцкай.

Літаральна напярэдадні Кіраўнік дзяржавы абмяркоўваў з губернатарам цэнтральнага рэгіёна ход уборачнай. Сёння працяг самай актуальнай тэмы, але ў натуральных дэкарацыях. Як вядома, кожная рабочая паездка Прэзідэнта ў рэгіён - гэта комплексны погляд на развіццё вобласці. І сёння не абышлося без новых даручэнняў у маштабах краіны.

Аляксандр Лукашэнка прыехаў на палі 1-й Мінскай птушкафабрыкі. Акрамя вытворчасці малака і мяса, птушкагадоўлі, тут займаюцца вырошчваннем збожжа. Плошча сельгасугоддзяў холдынга - амаль 10 тысяч гектараў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы - 3 з паловай тысячы, а яшчэ дойны статак плюс амаль 2. Накарміць усіх няпроста. Палову неабходнага камбікорму прыходзіцца купляць. Прэзідэнт прапануе вырашыць гэтую праблему такім чынам: перадаць у актыў фабрыкі больш зямлі.

Прэзідэнт паабяцаў, праз год абавязкова прыедзе і паглядзіць на вынікі. Гутарку з дырэктарам птушкафабрыкі заканчваюць на жартоўнай ноце. Ёсць жа павер'е, маўляў, наперад загадваць нельга. Бачна, Кіраўнік дзяржавы ў выдатным настроі, у працяг забабоннай тэмы каменціруе апошнія публікацыі ў Інтэрнэце наконт свайго здароўя. Словам, не дачакаецеся.

Побач два полі - азімай трыцікале і пшаніцы, абедзве культуры беларускай селекцыі. Адна з патрыятычнай назвай "антось", другая з музычнай - "сюіта". Уборка тут магла быць сапраўднай песняй, калі б не вядомая засуха. Прагназавалі атрымаць ураджайнасць 80 цэнтнераў з гектара, атрымалася 60-70, што таксама нядрэнна. Але, вядома, не так хацелася.

На жаль, надвор'е сёлета ў цэлым не спрыяе аграрным рэкордам. Але нават пры зніжэнні на паўмільёна тон аб'ёму ўраджаю да мінулага года яго цалкам хапае і беларусам, і для патрэбнасцяў жывёлагадоўлі і аграперапрацоўкі. Дзяржрэзерв у паўтара мільёна тон з лішкам кампенсуе патрэбнасці харчовай прамысловасці, а недабор па кармавых сартах таксама з лішкам перакрывае высокі ўраджай кукурузы і травы. Яшчэ адным стымулам сабраць кукурузу своечасова і "да зярнятка" плюс захаваць траву Прэзідэнт назваў крытычныя неўраджаі на Еўразійскім кантыненце. Гэта пагражае імпарцёрам ростам цэн і зніжэннем якасці збожжа на сусветных рынках.

І сапраўды, занадта гарчае і на рэдкасць сухое лета прывяло да таго, што паліў у шматлікіх краінах можна здзяйсняць хіба што слязамі па ўраджаі. Нямецкія фермеры чакаюць страт больш чым у мільярд еўра з-за таго, што чаканні дажджу не апраўдваюцца з красавіка. З асноўных плошчаў Саксоніі-Анхальт не дабяруць мінімум адну пятую ад нормы зерневых. На гэтым фоне на таварных біржах Германіі і суседняй Францыі ў рост пайшлі цэны, ужо перавысіўшы прагнозы на 10%.

Лічыць страты казны рыхтуюцца і ў Фінляндыі, дзе недалічацца амаль трэці звыклага ўраджаю. Урад Літвы з-за засухі вырашыўся аб'явіць экстрэмальную сітуацыю. Гэта дасць фермерам шанец сысці хоць бы ад штрафаў па недапастаўках, якія чакаюцца больш чым на 15%. І нават адзін з найбуйнейшых экспарцёраў пшаніцы, Расія, не дакладзе ў агульнасусветны каравай да 100 мільёнаў тон. Адбудзецца гэта таму, што з-за адсутнасці дажджоў яе ўраджай стане мінімальным за шэсць апошніх гадоў.

Статыстыка па краіне. У цэлым у Беларусі ўбрана без малога 42% зерневых і зернебабовых культур без кукурузы. Сярэдняя ўраджайнасць на 4 цэнтнеры ніжэйшая за леташнюю. Рэспубліканскі каравай пры гэтым ужо важыць больш як 2 з паловай мільёны тон. Міністр сельскай гаспадаркі расказвае: для выканання ўсіх палявых прац гаспадаркі дадаткова прыцягнулі прафесійных механізатараў з прампрадпрыемстваў і навучальных устаноў краіны. Гэта не толькі дапамога рэспубліцы ў пікавы перыяд уборачнай, але і дадатковы заробак. Механізатары захоўваюць зарплату па асноўным месцы працы, і ім выплачваюцца сродкі за ўдзел ва ўборачнай кампаніі.

Будзе хлеб, а значыць яшчэ і мяса, малако, бо менавіта зямля дае кармы жывёлагадоўлі. Асаблівае даручэнне Кіраўніка дзяржавы датычыцца якасці нарыхтоўкі.

У прагнозах сіноптыкаў на гэты тыдзень пад 30. Тут ужо самая лепшая праца ў офісе з кандыцыянерам. Ён, вядома, ёсць у шматлікіх беларускіх камбайнах, тым не менш, можна ўявіць, як гэта суткі ў такое надвор'е на адкрытым паветры. Працуюць механізатары асабліва зараз проста на знос. Прэзідэнт звяртае ўвагу на ўмовы працы. Галоўнае - чалавечае стаўленне ва ўсім. Трэба берагчы людзей.

Якасць уборкі зерневых напроста залежыць ад тэхнікі. Асноўная задача - не страціць ні зерня. У гэты час на ўборцы азімай трыцікале працуе камбайнер Аляксей Якаўлеў. За рулём абноўленай машыны "Палессе GS-1218". Іншы дызайн, ёмістасць бункера павялічаная да 9 м кубічных. А двуххуткасны саломаздрабніцель спраўляецца нават з нязерневай часткай любых культур.

Стварыць уласнае камбайнабудаванне ў свой час было даручэннем Прэзідэнта. Сёння лінейка тэхнікі Гомсельмаша барозніць прасторы палёў на ўсіх кантынентах. За апошнія пару гадоў засвоеныя такія экзатычныя для Беларусі рынкі, як Эфіопія, Судан і Егіпет. Дарэчы, кормаўборачныя камбайны "Палессе" займаюць 40% рынку Аргенціны. Некаторыя мадэлі сёлета ўпершыню выйдуць на нарыхтоўку кармоў на Сахаліне. Зараз свет палюе і на нашу супернавінку - суперкамбайн. Паводле аграрных мерак, гэты "касмічны карабель" стварылі па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. Але сам Прэзідэнт машыну ў справе пакуль яшчэ не бачыў. Стала зразумела: хутка Аляксандр Лукашэнка адправіцца ў Гомель.

Нягледзячы на пагодныя метамарфозы, Беларусь застаецца адным з лідараў у вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце. Гэта вынік маштабнай мадэрнізацыі сяла. Сёння наша краіна вырабляе сельгаспрадукцыі ў разы больш, чым у часы Саюза, забяспечваючы пры гэтым запатрабаванні не толькі краіны, але і далёка за яе межамі. Так, жнівень абяцае быць гарачым. Ва ўсіх сэнсах. І сёння стала зразумела, такім жа будзе і графік Прэзідэнта: часцей у палях, чым у рабочай рэзідэнцыі. Раптоўнасць кантролю, візіты на праблемныя і ўзорныя прадпрыемствы, прэзентацыя новай тэхнікі. Прэзідэнт праанасаваў і іншыя свае паездкі ў рэгіёны. Акрамя Гомеля, Кіраўнік дзяржавы мае намер наведаць Віцебскую і Магілёўскую вобласці.