Урачысты сход у Палацы Рэспублікі - адно з кранальных мерапрыемстваў гэтых памятных дзён

2 июля 2019

У гэтыя дні мы гаворым пра асаблівую ўдзячнасць і гонар за людзей, якія 75 гадоў таму падарылі нам мір: магчымасць жыць у свабоднай краіне, не ведаць жахаў вайны, плачу дзяцей і маці. Мы нястомна гаворым дзякуй людзям, якія ахвяравалі ўласным жыццём, маладосцю, марамі ў імя Перамогі, - нашым дарагім ветэранам! Гэта стала добрай традыцыяй, калі напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята - Дня Незалежнасці - Кіраўнік дзяржавы звяртаецца да сведак тых страшных падзей, а таксама вышэйшага афіцэрскага складу, дыпламатаў. Урачысты сход у Палацы Рэспублікі - гэта падстава  чарговы раз (наколькі гэта магчыма) выказаць удзячнасць за мір, спакой, якія ўсе гэтыя гады пануюць на нашай беларускай зямлі. У кожным тэзісе беларускага лідара гучыць выразны меседж:  мы і надалей будзем абараняць і засцерагаць наш суверэнітэт. Людзі, якія такі дарогай цаной - цаной уласнага жыцця - набліжалі Перамогу, могуць быць упэўненыя: іх подзвіг мы ніколі не забудзем і не здрадзім. Тэму прадоўжыць Ілона Красуцкая. 

Бігборды ў горадзе, сувенірная прадукцыя,  сімвал II Еўрапейскіх гульняў працягваюць нагадваць, якім яркім было гэтае спартыўнае свята. Такая падзея і тое, што яе фінал прыпаў на пярэдадзень галоўнага дзяржаўнага свята - Дня Незалежнасці,  - чарговая падстава задумацца аб каштоўнасці ўсяго, што ў нас ёсць. Сардэчны прыём, яднанне народаў, узаемадапамога. Усё, чым мы можам сёння ганарыцца, і самае дарагое - мір  і спакой.

Памяць жывая, і наш абавязак -  расказаць дзецям, унукам, што  мір і дабрабыт былі не заўсёды. Гэта не дасталося нам проста. Які год урачысты  сход у Палацы Рэспублікі - адно з кранальных мерапрыемстваў гэтых памятных дзён. Сярод запрошаных некалькі тысяч чалавек. Галоўныя госці, вядома, нашы героі, нашы ветэраны. Мы часцей звяртаем увагу на першыя рады, узіраемся ў твары – ці не пустуюць месцы, ці ўсе з намі? Год ад года ім таксама мужна прыходзіцца  змагацца з галоўным праціўнікам - часам. 

Сёння побач з імі баявыя таварышы - ветэраны Расіі, Малдовы, Грузіі. Лёс раскідаў па розных краінах і гарадах, з кімсьці падтрымліваюць сувязь па тэлефоне, а камусьці ўжо не датэлефанавацца. Але зараз, у мірны час, гэтыя гераічныя людзі дзеляцца не толькі ўспамінамі пра тыя жудасныя старонкі гісторыі, каб памяталі, у іх памяці і той радасны пераможны дзень, які яны памятаюць як цяпер. 

У зале сярод запрошаных і вышэйшы афіцэрскі склад, людзі, якія сёння стаяць на варце абараназдольнасці краіны, а значыць забяспечваюць суверэнітэт і спакой Беларусі. Дыпламаты, якія ўжо паспелі адчуць, што наша знешняя міралюбная палітыка - гэта не проста словы. Людзі, чые біяграфіі так ці інакш звязаны з Вялікай Айчыннай. У кагосьці ваяваў дзед, не вярнуўся з вайны прадзед… Бабуля яшчэ маладой дзяўчынкай ратавала параненых салдат… Напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята ў гэтай зале побач па добрай традыцыі заўсёды наш Прэзідэнт. Падстава - павіншаваць з будучым  святам і нагадаць, якой цаной дасталася краіне незалежнасць.

Дзякуючы той перамозе сёння мы ў спакойны час заяўляем аб сваіх дасягненнях у прамысловасці, медыцыне, АПК, IT, спорце. Але новы час кідае свае выклікі. Ахоўваем не толькі знешнія межы, паветраную прастору, але і віртуальную - даём бой кібертэрарыстам. Часам фэйкавыя навіны як інфармацыйныя снарады б'юць па іміджы і рэпутацыі краіны і нават ставяць пад сумненне слаўны подзвіг салдат. Але мы ва ўсіх сэнсах трымаем удар і не дазволім перапісаць гісторыю. 

Гаварыць шмат, асабліва па той бок манітора, можа кожны. А дзейнічаць? Стаць на абарону радзімы, забяспечыць спакой сваіх маці, жонак і дзяцей. Зараз у інтэрнэце разгарнулася бурная дыскусія вакол паправак у законы аб службе ў арміі. Прэзідэнт пракаменціраваў розныя варыянты развіцця падзей.

Мір і незалежнасць - найвялікшыя каштоўнасці Беларусі. Асабліва ўсведамляеш актуальнасць гэтага тэзіса, калі грыміць зусім побач, ды і ў цэлым, на жаль, у свеце не становіцца больш спакойна. Наша краіна праводзіць міралюбівую палітыку, але гэта не значыць, што можна расслабіцца, забыць пра абарону меж, грамадзян. Супрацоўніцтва ў розных фарматах у плане бяспекі, мадэрнізацыя нашай арміі, навучанне профільных кадраў. Порах трэба трымаць сухім - такая палітыка Беларусі ў галіне бяспекі. 

Урачысты сход завяршыўся вялікім канцэртам. Нацыянальны каларыт, атмасфера свята і ў той жа час цяжкія ўспаміны.  Але  такое мерапрыемства ў першую чаргу для нашых герояў дае неймаверны прыліў сіл, стварае настрой. І так хочацца верыць, падорыць доўгія гады жыцця нашым ветэранам.

Дата 3 ліпеня   - адначасова сімвал нашага мірнага часу і напамінак пра кожнага трэцяга загінуўшага. Дзякуючы гэтым людзям мы,  новае пакаленне беларусаў,  можам не хвалявацца пра сваё заўтра, гадаваць дзяцей, будаваць планы на будучыню. Не проста задача, наш абавязак   -  не дапусціць паўтарэння тых крывавых старонак гісторыі, не загубіць усё тое, за што ваявалі нашы дзяды і прадзеды. Беларусь памятае і будзе памятаць іх ратны подзвіг.