Спачуванне родным, блізкім і калегам народнага артыста СССР Ігара Лучанка

13 ноября 2018

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста СССР Ігара Лучанка.

"Прыміце мае спачуванні ў сувязі са смерцю выдатнага кампазітара сучаснасці, народнага артыста СССР Ігара Міхайлавіча Лучанка. З жыцця сышоў чалавек вялізнага таленту, чыёй творчасцю па праве ганарыцца Беларусь", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Музычныя творы Ігара Міхайлавіча, якія ўяўляюць сабою лепшыя ўзоры высокага мастацтва, заслужылі шчырую любоў і заваявалі публіку розных пакаленняў са шматлікіх краін, - гаворыцца ў спачуванні. - Напісаныя ім песні сталі залатымі шлягерамі на ўсе поры, эталонам прафесійнага майстэрства, неад'емнай часткай скарбніцы нацыянальнай культуры".

Як падкрэсліў Прэзідэнт, светлая памяць пра Ігара Лучанка назаўжды захаваецца ў сэрцы кожнага беларуса.