Зніжэнне ўзроўню злачыннасці і барацьбу з карупцыяй абмеркавалі падчас рабочых сустрэч у Прэзідэнта

21 февраля 2019

Зніжэнне ўзроўню злачыннасці, барацьба з карупцыяй і падрабязнасці расследавання гучных крымінальных спраў. Гэтыя тэмы сёння гучалі падчас рабочых сустрэч у Прэзідэнта. Нягледзячы на дадатную дынаміку, шэраг пытанняў  яшчэ патрабуе ўвагі  Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць нараду з усім сілавым блокам краіны,  пачынаючы ад арміі і заканчваючы Следчым камітэтам.

Для ведамства прагучаў і важны меседж. Так, іх задача раскрыць злачынства і знайсці злачынца. Але пры гэтым важна, каб да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся невінаватыя. За ўвесь час працы  Следчаму камітэту ўдалося стаць моцным фільтрам ад несправядлівасці. Што тычыцца барацьбы з карупцыяй, то Генпракуратура прапануе павысіць статус і значнасць антыкарупцыйных камісій. Папраўкі ў закон ужо падрыхтаваныя. Падрабязнасці - у Наталлі Брэвус.

Калі ты генпракурор і адначасова старшыня апякунскага савета Беларускай федэрацыі лыжных гонак, то трэба быць гатовым да самых розных пытанняў ад Прэзідэнта. "Як ідуць справы ў гэтым відзе спорту?" - Кіраўнік дзяржавы чакана пацікавіўся. Аляксандр Канюк спадзяецца на паспяховае выступленне абноўленай беларускай каманды ў аўстрыйскім Зеефельдзе. Там як раз напярэдадні стартаваў чэмпіянат свету па лыжных відах спорту. Калі зыход спаборніцтваў пакуль для нас не ясны, то вось лічбамі па профілі генпракурор ужо валодае. І яны радуюць. У Беларусі трымаецца пазітыўны трэнд на зніжэнне ўзроўню злачыннасці. У 2018 менш стала разбояў, забойстваў, рабаванняў, а на дарогах  п'яных вадзіцеляў. Гэта добра. Але без праблем, на жаль, не бывае, і да іх вырашэння трэба падыходзіць разам.

Жорсткае патрабаванне Прэзідэнта не толькі да Генпракуратуры, але і да ўсіх сілавікоў - не зніжаць тэмп барацьбы з карупцыяй. Статыстыка гаворыць аб эфектыўнасці працы праваахоўнікаў. Летась практычна на траціну вырасла колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў. Такія факты часцей за ўсё фіксавалі ў сферы транспарту, у будаўніцтве і дзяржкіраванні.

Генпракуратура прапануе перафарматаваць працу антыкарупцыйных камісій.

Аляксандр Канюк, Генеральны пракурор Беларусі: "Ёсць неабходнасць перафарматаваць працу гэтых камісій, надаўшы вялікую значнасць і статус, а гэта азначае больш улады надаць, каб яны прымалі рашэнне на ляту, не зацягвалі. Я бачу гэта так: трэба каб гэтыя камісіі ўзначальвалі кіраўнікі прадпрыемстваў, выканкамаў, раённых, гарадскіх, абласных і г.д. Мы зараз рыхтуем змяненні ў Закон аб барацьбе з карупцыяй. Усе змяненні ў закон падрыхтаваныя з улікам напрацаванай практыкі. Ёсць вельмі дасведчаныя  кіраўнікі, якія добра  працуюць. Яны нам сёе-тое падказалі".

Зона адказнасці Генпракуратуры - кантроль за знешняй дэбіторскай запазычанасцю. Калі тавар пайшоў, а грошай за яго прадпрыемства не атрымлівае месяцамі, а то і гадамі. Генеральная пракуратура сур'езна ўзялася за праблему. Існавалі цэлыя крымінальныя схемы ў гэтай сферы, працэс іх стварэння ўдалося прыпыніць. Услед і дэбіторка стала скарачацца.

Вялікая нарада з сілавікамі яшчэ наперадзе. Трымаць руку на пульсе і аператыўна бачыць агульную карціну бяспекі Прэзідэнту дазваляюць рэгулярныя даклады кіраўнікоў гэтага блока - ад МУС і Узброеных сіл да Генпракуратуры і Следчага камітэта. Дарэчы, за працай гэтага самага маладога ведамства Прэзідэнт сочыць асабліва пільна.

Яно было створана ў выніку сур'ёзнай рэформы праваахоўных структур. Ужо больш як 7 гадоў Следчы камітэт працуе стабільна. Прымаючы рашэнне аб яго фарміраванні, зыходзілі з таго, што следства павінна быць самастойным і максімальна аб'ектыўным.

Прэзідэнту важна, каб пры раскрыцці злачынстваў не пакутавалі невінаватыя людзі. Летась камітэт засяродзіў усе свае намаганні ў першую чаргу на аб'ектыўным і ўсебаковым расследаванні крымінальных спраў. Самыя рэзанансныя з іх Кіраўнік дзяржавы трымае на асабістым кантролі.

Такой гучнай справай, якую згадаў Кіраўнік дзяржавы, было як раз-такі забойства прадпрымальніка ў Беразіно. Выпадак адбыўся яшчэ восенню 2016-га. Мясцовага бізнесмена застрэлілі, а машыну спалілі, каб замесці сляды. Усё гэта жудасна нагадвала разборкі ў духу 90-ых. Справа гонару для праваахоўнікаў - раскрыць злачынства. Тады так і сказаў Прэзідэнт. Дык вось, зрухі ў расследаванні гэтай справы ёсць. Рухаецца і расследаванне трагедыі ў Стаўбцоўскай школе.

Іван Наскевіч, старшыня Следчага камітэта Беларусі: "Па гэтай крымінальнай справе праведзены ўжо вялікі аб'ём следчых дзеянняў. Практычна карціна здарэння нам ясная. Для следчых у гэты момант галоўная задача - высветліць не як гэта адбылося (гэта ўжо і так зразумела), а чаму гэта адбылося. У пэўнай ступені некаторыя адказы ў нас ужо маюцца з сведчанняў самога падазронага. Пасля трох дзён маўчання ён пачаў даваць сведчанні. Хоць мы пакуль вельмі крытычна ставімся да таго, што ён гаворыць, паколькі сведчанні яго не заўсёды суадносяцца з аб'ектыўнай карцінай здарэння".

Гэта толькі пару выпадкаў з працы следчых. Летась ім прыйшлося разгледзець амаль 150 тысяч заяў аб злачынствах. Колькасць паведамленняў, якія паступілі ў следчыя органы, узрасла працэнтаў на 10. Пры гэтым колькасць узбуджаных крымінальных спраў скарацілася. Не выпадковасць - заканамернасць. І вынік працы па недапушчэнні фактаў неабгрунтаванага крымінальнага праследавання. І значыць - за час існавання ведамству атрымліваецца быць "фільтрам ад несправядлівасці".