Сітуацыя ў рэгіёне і свеце, украінскі канфлікт, развіццё адносін з Анкарой. Прэзідэнт даў інтэрв'ю турэцкаму інфармагенцтву "Анадолу"

8 апреля 2019

Глабальныя канфлікты, роля нашай краіны ў вырашэнні ўкраінскага крызісу, беларуска-турэцкі дыялог і асабістыя адносіны з Эрдаганам - гэтыя пытанні сёння прагучалі ў адрас нашага Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы даў інтэрв'ю турэцкаму  агенцтву "Анадолу". 

Гэта найбуйнейшае інфармагенцтва краіны. Размова напярэдадні візіту беларускага лідара ў Турцыю атрымалася грунтоўнай. Спектр тэм быў самы шырокі. Нягледзячы на афіцыйны статус,  размова атрымалася адкрытай і давернай. Апошнім часам не толькі кантакты паміж дзяржавамі сталі больш  актыўнымі, відавочна  цікавасць да нашай краіны расце. Ёсць запыт на навіны з Беларусі. Пачуць пазіцыю  з першых вуснаў  важна для эфектыўнага развіцця дыялогу. Поўная версія інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам выйдзе ў найбліжэйшы час, а пакуль  самыя яркія моманты  ў рэпартажы Наталлі Брэвус. 

Турцыя ў першую чаргу ўяўляецца нам турыстычнай Мекай. Краіна і праўда нядрэнна зарабляе на турызме, але не толькі ім адным жыве. Сёння гэтая дзяржава з 80-мільённым насельніцтвам прэтэндуе на рэгіянальнае лідарства, робячы стаўку на тэхналогіі і сферу паслуг. Можна сказаць, што за апошнія гады тры Мінск і Анкара прайшлі інтэнсіў у двухбаковых адносінах. Дыялог актыўна развіваецца. У гэтым вялікая заслуга лідараў. Усё гэта адлюстроўваецца і на агульным тавараабароце. Ён расце, ужо ў раёне мільярда долараў. Расце і цікавасць да Беларусі з турэцкага боку. 

Карціну свету для грамадзян гэтай краіны, ды і не толькі, вось ужо амаль 100 гадоў ствараюць журналісты найбуйнейшага інфармагенцтва "Анадолу". Навіны - а штодня гэта 4 000 паведамленняў, фота- і відэаматэрыялаў - выходзяць больш як на 10 мовах, уключаючы рускую, і распаўсюджваюцца ў 45 краінах свету.

Шэф маскоўскага бюро агенцтва журналіст Алі Джура не хаваў, што ўжо даўно марыў запісаць інтэрв'ю з беларускім Прэзідэнтам. Сам вучыўся ў Мінску і тут знайшоў каханне. Журналісцкім поспехам заве размову перад візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю. Апроч развіцця адносін па лініі Мінск - Анкара, яшчэ больш цікавіць погляд вопытнага лідара на вялікую геапалітыку. 

Гарачымі пунктамі час ад часу ўспыхваюць розныя кантыненты, нарастае напружанне і глабальнае супрацьстаянне сусветных гульцоў. Свет гайдае. У такіх няпростых умовах Беларусі атрымліваецца праводзіць прадуманую і ўзважаную знешнюю палітыку. Што ляжыць у аснове? Цікава, бо, як і мы, Турцыя знаходзіцца на перакрыжаванні шляхоў з захаду на ўсход. 

Аляксандр Лукашэнка ведае, пра што гаворыць, бо перагаворны працэс па вырашэнні ўкраінскага канфлікту доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Мы не ўбаку - усё навідавоку. Рыторыка Прэзідэнта гучыць заўсёды вельмі ясна: чым зможам - дапаможам. Абы не было вайны.

Не абышлі ўвагай і палітычныя баталіі, якія сёння разгортваюцца ў суседняй краіне. Яшчэ ў пачатку сакавіка падчас "Вялікай размовы" Аляксандр Лукашэнка выказваўся пра верагоднага пераможца ў электаральнай гонцы ва Украіне, маючы на ўвазе Пятра Парашэнку. І ўсіх вельмі цікавіць, а ці прытрымліваецца Прэзідэнт Беларусі такога пункту погляду сёння.


У самой жа Украіне існуе меркаванне, што галасаваць няма за каго. А тое, што выбаршчыкі робяць свой выбар на карысць Уладзіміра Зяленскага, многія эксперты расцэньваюць як пратэснае галасаванне. 

Прадстаўніка найбуйнейшага турэцкага інфармагенцтва цікавіла бачанне беларускага Прэзідэнта на гэты конт.

Інтэрв'ю доўжылася каля гадзіны, прагучаў дзясятак пытанняў. Шчыра і адкрыта на ўсе тэмы. Нягледзячы на высокі статус,  размаўляць з беларускім Прэзідэнтам лёгка, прызнаўся турэцкі калега. І дадаў: як з родным чалавекам - вось што значыць асаблівая энергетыка. Сёння адчуваецца дэфіцыт інфармацыі аб нашай краіне. Таму так важна пачуць з першых вуснаў пазіцыю па надзённых пытаннях. Калі больш даведаюцца людзі аб Беларусі, тады, глядзіш, і эканоміка будзе лепш складвацца. 

Алі Джура, кіраўнік маскоўскага карэспандэнцкага пункта інфармагенцтва "Анадолу" (Турцыя): "Дзякуючы інтэрв'ю Кіраўніка дзяржавы пазіцыя Беларусі і яе лідара ў турэцкіх СМІ будзе адлюстравана без скажэнняў. Мы імкнемся паказаць сапраўдную Беларусь. У Беларусі і Турцыі ёсць добрыя перспектывы для развіцця адносін, напрыклад, у прамысловасці". 

Поўную версію інтэрв'ю з Прэзідэнтам Беларусі агенцтва выпусціць у найбліжэйшы час. Але няцяжка прадказаць, што не менш інфармацыйных падстаў будзе для журналістаў і па выніках перамоў прэзідэнтаў Беларусі і Турцыі.