Сістэма Белкаапсаюза неканкурэнтаздольная

28 января 2014
Аляксандр Лукашэнка канстатуе тэхналагічную адсталасць сістэмы Белкаапсаюза і яе неканкурэнтаздольнасць. Такую ацэнку Кіраўнік дзяржавы даў сёння на нарадзе аб стане і развіцці спажыўкааперацыі. Сітуацыю, якая склалася ў рабоце арганізацыі, Прэзідэнт лічыць недапушчальнай і патрабуе ад кіраўніцтва прыняць усе меры, каб спажывецкая кааперацыя цалкам выконвала ўскладзеныя на яе задачы. Ва ўступным слове Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў лютым мінулага года на агульным сходзе Белкаапсаюза былі вылучаны асноўныя праблемныя моманты і недапрацоўкі, а пры прызначэнні новага кіраўніка Валерыя Іванова дамовіліся, што ён прадставіць сваё бачанне перспектыў развіцця спажыўкааперацыі. Сёння ўдзельнікам нарады трэба будзе адказаць на шэраг праблемных пытанняў, якія паставіў Прэзідэнт.

Прэзідэнт выказаў незадаволенасць мадэрнізацыяй перапрацоўчых вытворчасцяў у галіне і запатрабаваў правесці яе ў самыя кароткія тэрміны. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на працу сістэмы аптовага гандлю, пацікавіўся планамі па арганізацыі высокапрыбытковых вытворчасцяў вырабаў з футра. Звяртаючыся да кіраўніка Белкаапсаюза Валерыя Іванова, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актыўнай працы па ліквідацыі праблемных пытанняў.

Удзельнікаў сустрэчы Аляксандр Лукашэнка папрасіў не займацца самасправаздачамі, а выказаць канкрэтныя прапановы, накіраваныя на вырашэнне задач, якія стаяць перад Белкаапсаюзам.