Моцная эканоміка і сумленная ўлада павінны стаць фундаментам незалежнасці краіны

22 апреля 2014
Моцная эканоміка і сумленная ўлада павінны стаць фундаментам незалежнасці краіны і росквіту нацыі. Гэта стала галоўнай тэмай Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.


У авальнай зале Дома ўрада сёння сабраліся абедзве палаты парламента, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі найбуйнейшых прадпрыемстваў і канцэрнаў, а таксама прадстаўнікі дыпкорпуса і СМІ. Вялікую размову, якая доўжылася 4 гадзіны, Аляксандр Лукашэнка пачаў з пытання суверэнітэту. І невыпадкова. Дзяржавы, што акружаюць Беларусь, прыйшлі ў рух. Бурліць Украіна, у поўны гістарычны рост спрабуе ўстаць Расія. І тут самае галоўнае для кожнага беларуса і для ўсёй дзяржавы - захаваць незалежнасць нашай краіны.


Прынцыповую пазіцыю выказаў Кіраўнік дзяржавы і ў праблеме карупцыі. Беларусь павінна быць прыкладам у барацьбе з гэтай з'явай. Вялікую ўвагу ў звароце Аляксандр Лукашэнка надаў пытанням эканомікі.


Праграмны дакумент у Авальнай зале слухаў і Сяргей Хамянтоўскі.

У холе Авальнай залы нязвыкла шматлюдна. Да яе гаспадароў далучыліся сенатары, члены ўрада, міністры, губернатары. Менавіта тут, у Авальнай зале, вось ужо 18 гадоў пішацца найноўшая гісторыя Беларусі. Дэмакратычная традыцыя Паслання прэзідэнта ёсць у многіх краінах свету. Але толькі ў Беларусі яно звернута да народа. Агучаныя тэзісы кладуцца ў стратэгію развіцця краіны як мінімум на год. Эксперты і палітолагі называюць Пасланне Прэзідэнта галоўнай палітычнай падзеяй пачатку года, што параўнальна па значнасці толькі з прэзідэнцкімі выбарамі.


Пасланне Аляксандр Лукашэнка чакана пачаў з Украіны і сітуацыі вакол яе. З высокай трыбуны Прэзідэнт цытуе Біблію і заяўляе аб неабходнасці захавання адзінства і незалежнасці краіны. Расколу дапусціць нельга. Улады гатовыя да паступовых рэформаў, але любыя праявы радыкалізму ў Беларусі будуць знішчаны ў зародку.


Яшчэ пра адну прычыну ўкраінскага крызісу - карупцыю - гаварыў Прэзідэнт. Пра абыякавасць ўлады да гэтай праблемы гаварыць нельга. Паслабленняў карупцыянерам не будзе, паабяцаў Прэзідэнт, і пачаліся пасадкі.


Усе чулі пра махінацыі з нерухомасцю ў Гомельскім гарвыканкаме. Сёння Магілёўскі абласны суд вынес прысуд былому мэру Гомеля - 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прэзідэнт сёння ўспомніў гомельскіх кватэрных махінатараў, праўда, у іншым ключы. Карупцыя амаль заўсёды стаіць побач з разгільдзяйствам.


Адзін з эфектыўных метадаў барацьбы з карупцыяй - перагляд сістэмы дзяржфінансавання. Раздачы дармовых грошай не будзе. Паводле слоў Прэзідэнта, неабходны конкурсны падыход. Галоўнае, лічыць Аляксандр Лукашэнка, для Беларусі - рост эканомікі, а не ўнутраныя і знешнія ворагі.


Гаворачы пра сацыяльную сферу, тут Прэзідэнт за развіццё платных медпаслуг. Але браць плату за наведванне паліклінік нельга. Пры нараджэнні ў сям'і трэцяга дзіцяці дзяржава будзе адкрываць дэпазіт на 10 тысяч долараў. Прэзідэнт супраць рэформ у адукацыі, але за павышэнне зарплат бюджэтнікам.


Прэзідэнт заклікаў навесці парадак у краіне да чэмпіянату свету па хакеі. Працягваючы тэму спорту, са шкадаваннем канстатаваў, што ў краіне не ў пашане здаровы лад жыцця.
Гэта эмацыянальны пункт у выступленні Прэзідэнта ўсё ж не стаў лагічным завяршэннем сустрэчы. Кіраўнік дзяржавы згадзіўся адказаць на пытанні. Палітра іх аказалася вельмі разнастайнай - ад урэгулявання ўкраінскага крызісу да дэвальвацыі рубля.

Гутарка Прэзідэнта з дэпутатамі ўжо пасля выступлення прадоўжылася больш за гадзіну. Разыходзіліся народныя выбраннікі, сенатары, дыпламаты пад уражаннем.


За чатыры гадзіны пра ўсё паспеў распавесці Прэзідэнт з уласцівай яму эмацыянальнасцю і імправізацыяй. У Авальнай зале Беларусь атрымала арыенціры на найбліжэйшы год. Курс застаецца ранейшым, але перамены непазбежныя. Моцная эканоміка і сумленная ўлада павінны стаць фундаментам незалежнасці краіны і росквіту нацыі.