Сённяшняя нарада ў Кіраўніка дзяржавы - падстава яшчэ раз дэталёва прааналізаваць працу свабодных эканамічных зон

7 августа 2018

Пытанні павышэння эфектыўнасці свабодных эканамічных зон неаднаразова разглядаліся на вышэйшым узроўні. Сённяшняя нарада - падстава яшчэ раз дэталёва прааналізаваць іх працу. Кіраўніка дзяржавы цікавілі думкі ўсіх удзельнікаў размовы, у тым ліку і губернатараў - свабодныя эканамічныя зоны ёсць у кожным рэгіёне. Сёння яны фарміруюць да чатырох працэнтаў ВУП. Але з улікам вялікіх прэферэнцый ад іх чакаюць большай аддачы. У тым ліку і сацыяльнай - заработная плата і ўмовы працы. Прэзідэнту сёння прапанавалі і новы праект указа. Размова не аб дадатковых льготах для рэзідэнтаў, а аб павышэнні эфектыўнасці працы такіх зон. Кіраўнік дзяржавы праект указа адобрыў, плануецца, што неўзабаве ён будзе падпісаны, праўда, з умовай - да канца года інвестары павінны прыступіць да рэалізацыі ўсіх праектаў.

У тэме разбіралася Вольга Макей. 22 гектары тэрыторыі, лінія даўжынёй паўкіламетра, а ў ангары лёгка б змясціліся 20 боінгаў. Гэта кампанія з літоўскім капіталам для свайго бізнесу выбрала беларускую прапіску. "ВМГ Індустры" спецыялізуецца на вытворчасці мэблі для вядомай IKEA . Рэзідэнтамі СЭЗ "Магілёў" яны сталі ў 2013 годзе, а ўжо сёння холдынг - адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў мэблі ў краінах Балтыі. У найбліжэйшыя два гады плануюць удвая пашырыцца, а гэта яшчэ пад 30 мільёнаў еўра інвестыцый і плюс 200 рабочых месцаў. У цэлым працаўладкуюць паўтары тысячы чалавек. Дарэчы, прадаюць мэблю выключна на экспарт - ад Канады да Японіі.

Што наогул сабой уяўляюць СЭЗ? Ствараліся яны для таго, каб стымуляваць развіццё вытворчасцяў, у першую чаргу, высокатэхналагічных і імпартазамяшчальных. Ды і назва гаворыць за сябе: свабодная эканамічная зона прадугледжвае цэлы шэраг прэферэнцый. Маеш вытворчасць у СЭЗ - значыць, не плаціш падатак на прыбытак першыя 5 гадоў, а далей - з 50-працэнтнай скідкай, вызвалены ад падаткаў на нерухомасць і зямлю і многае іншае.

Наогул у Беларусі такіх свабодных эканамічных зон 6. Першай з'явілася Брэсцкая - ёй ужо 22 гады. Яшчэ ёсць у Гомелі, у Мінску, Віцебску, Магілёве і Гродне. На іх тэрыторыях зарэгістравана 409 рэзідэнтаў, а гэта рабочыя месцы для 122 тысяч чалавек. Кожныя дзесяць гадоў падвойваецца і ўклад СЭЗ у ВУП краіны. Калі ў 2010 годзе гэта было 2 працэнты, па выніках мінулага - ужо 4.

А яшчэ СЭЗ - гэта амаль 13 працэнтаў беларускай вытворчасці і 15 працэнтаў экспарту. Уклад у эканоміку істотны. Таму і дзяржава робіць крокі насустрач, удасканальваючы правілы гульні.

Напрыклад, са студзеня 2017 года ўступіў у сілу новы Мытны кодэкс. З адменай льгот пры пастаўцы тавараў на рынкі Еўразійскага эканамічнага саюза рэзідэнты СЭЗ фактычна апынуліся на парозе вялікіх страт. Але дзяржава выпрацавала механізм кампенсацыі - гэтаму прысвяцілі нараду ў Прэзідэнта ў снежні 2016 года.

Тых, хто працуе больш як 5 гадоў, вызвалілі ад падатку на экспартны прыбытак, на 5 гадоў замарозілі падатак на зямлю. Уваходны білет у такі прамысловы клуб ужо не мільён, а паўмільёна еўра.

А яшчэ пашырылі свабодныя зоны ў Гродне, Брэсце і Віцебску. Ды і ў цэлым, вырашылі, што СЭЗ будуць працаваць у Беларусі да 2050 года. На гэтыя крокі пагадзіўся Прэзідэнт, пасля запэўнення аб тым, што такія меры дапамогуць працаваць больш эфектыўна. Так, уклад СЭЗ у эканоміку важкі, але ці сувымерная аддача з усімі прэферэнцыямі для рэзідэнтаў?

Пойдзем па парадку. Ці патрэбныя сёння такія СЭЗ? Гэта свабодная зона ў Брэсце. Першая з усіх у краіне. Тут працуюць 74 рэзідэнты з 20 краін. Выпускаюць усё - ад прадуктаў харчавання і мэблі да будаўнічых матэрыялаў. Кожны год плюс 5 новых кампаній. Прыцягваюць блізкасць граніцы і льготныя ўмовы.

Наогул, для рэгіёнаў свабодныя эканамічныя зоны - трывалы падмурак. Уплываюць на развіццё прамысловасці і фінансавыя паказчыкі. Апошнімі Прэзідэнт просіць не захапляцца. СЭЗ павінны працаваць у інтарэсах усёй краіны.

Галоўнае пытанне - дык які ж эфект ад працы зон апошнім часам? Сярод плюсаў - 52 прадпрыемствы-рэзідэнты дзяржаўныя, а гэта і эканамічная падтрымка, і павышэнне іх канкурэнтаздольнасці. За сем гадоў падвоіўся і аб'ём прамых замежных інвестыцый - за 2017 год больш як паўмільярда долараў. Разам з тым, доля менавіта інавацыйнай прадукцыі, якая і павінна выпускацца на гэтых тэрыторыях, нізкая, не дацягвае і да 10 працэнтаў.

А задачы перад СЭЗ ужо не тыя, што былі на этапе стварэння, напрыканцы 90-ых, сёння галоўнае вырабляць высокатэхналагічны прадукт. Прадпрыемствы павінны канкурыраваць з іншымі сусветнымі і прыносіць эфект для ўсёй эканомікі краіны.

Гэта прадпрыемства ў Брэсцкай СЭЗ можна назваць унікальным. Займаюцца вытворчасцю індустрыяльнай электронікі.

Светлавыя блокі выкарыстоўваюць у медыцыне, архітэктуры, на музычных пляцоўках і нават для падсвятлення пячор. Апошняе - ноу-хау інжынераў брэсцкай кампаніі і ўжо ўсталявана ў 60 пячорах на розных кантынентах і астравах.

Заснавальнік прадпрыемства Сяргей Краско не толькі разбіраецца ў мікрасхемах, але і сам спелеолаг. Успамінае: яшчэ 20 гадоў таму ў штаце было ўсяго 10 энтузіястаў, сёння ўжо 200 спецыялістаў і сотні тысяч вырабаў за месяц! Прадукцыя на экспарт, у асноўным Германія, Данія, Бельгія і Швейцарыя. А канкурыраваць з іншымі вытворцамі на знешніх рынках дазваляюць льготы рэзідэнта СЭЗ.

І калі ў такога прадпрыемства сярод беларускіх кампаній канкурэнтаў няма, то што рабіць, напрыклад, вытворцам прадуктаў харчавання?

Бо, па сутнасці, на адным і тым жа знешнім рынку за пакупніка спаборнічаюць і рэзідэнты СЭЗ, у якіх умовы льготныя, і нерэзідэнты, якія нясуць падатковую нагрузку.

Тут Кіраўнік дзяржавы ставіць дакладную задачу: працэс трэба кантраляваць, каб усе былі ў роўных умовах. А наогул сёння і самі СЭЗ - гэта прылады барацьбы за інвестара як мінімум у Еўразійскім эканамічным саюзе.

Што прапаноўвае ўрад і ці хопіць гэтага для эфектыўнай працы СЭЗ і росту інвестыцый? Падрыхтаваны праект указа. У дакуменце няма новых льгот, але сярод ключавых пунктаў, напрыклад, пашырэнне некаторых СЭЗ за кошт перспектыўных зямельных участкаў. Пад усе праекты ўжо знойдзеныя інвестары.

А яшчэ прыцягнуць дадатковыя крыніцы фінансавання на будаўніцтва інфраструктуры ў СЭЗ - гэта дарогі, электрычнасць, газ - важныя для любога інвестара. Пакуль гэта за кошт дзяржбюджэту і фондаў саміх СЭЗ. Фарміраванню апошніх Прэзідэнт надаў асаблівую ўвагу.

Наогул, мэта гэтай нарады - зрабіць працу СЭЗ больш эфектыўнай. Але Кіраўнік дзяржавы глядзіць на пытанне шырэй і дэталёва разбірае ўсе механізмы існавання такіх зон. Важная тэма - умовы працы і зарплата. Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу, раз ужо працуюць прадпрыемствы са льготамі, павінна быць і сацыяльная аддача, пакуль жа сярэднія заробкі ў СЭЗ недастатковыя. Кантраляваць гэтую тэму павінны кіраўнікі свбаодных зон - іх ролю таксама ўзмоцняць, але і працаваць павінны больш эфектыўна.

У цэлым прапановы Прэзідэнт падтрымаў, але з умовай - да рэалізацыі ўсіх праектаў прыступіць да канца года. Указ падпішуць у найбліжэйшы час. Але крытэрый працы застаецца ранейшым: галоўнае - вынік.